Фото: olawa.policja.gov.pl
Паліцыя ў польскім горадзе Олава затрымала двух грамадзян Беларусі, якія абвінавачваюцца ў крадзяжах з крам.
29 кастрычніка адна з крам электронікі паведаміла паліцыі пра крадзеж. Пасля крадзяжу падазраваныя з’ехалі на аўтамабілі Skoda. Паліцэйскія ўстанавілі верагодны маршрут машыны і спынілі яе для праверкі.
Падчас агляду аўтамабіля праваахоўнікі знайшлі электроніку і іншыя каштоўныя рэчы. Паліцэйскія не сумняваліся, што рэчы былі скрадзеныя. Беларусы не змаглі прад’явіць чэк і растлумачыць, якім чынам рэчы апынуліся ў іх, паведамляе паліцыя.
38-гадовы і 32-гадовы мужчыны былі затрыманыя. Устаноўлена, што яны здзяйснялі крадзяжы, у асноўным электронікі, у суседніх Олаўскім і Бжэскім паветах. Ім пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.