Двух беларусаў затрымалі ў Латвіі па падазрэнні ў кантрабандзе цыгарэт — выкідвалі скрынкі з цягніка

У Даўгаўпілсе затрымалі двух грамадзян Беларусі — машыніста цягніка і яго памочніка. Яны падазраюцца ў кантрабандзе буйной партыі цыгарэт, паведамляе латвійская паліцыя.

Мужчын затрымалі 4 лістапада пасля атрымання інфармацыі пра незаконны абарот падакцызных тавараў. Паводле даных паліцыі, машыніст з памочнікам выкінулі на хаду з цягніка, які ехаў з Беларусі ў Даўгаўпілс, некалькі скрынак з цыгарэтамі.

Усяго было вынята 140 тысяч цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.

Распачата крымінальная справа па артыкуле аб кантрабандзе, учыненай арганізаванай групай або ў буйным памеры. 6 лістапада паліцыя мае намер звярнуцца ў суд з просьбай абраць абодвум затрыманым меру стрымання, звязаную з пазбаўленнем волі.