Два судны атакаваныя дронамі ля берагоў Балгарыі. Адно затанула

Сёння ўначы ў выніку ўдараў беспілотнікаў пацярпелі два гандлёвыя судны. Пра гэта паведамляе BGNES па выніках пасяджэння Савета бяспекі краіны.

Мальтыйскае грузавое судна CHELSEA 3 было атакавана трыма беспілотнікамі прыкладна ў 18 марскіх мілях на ўсход ад Бялы. Усе 15 членаў экіпажа былі эвакуяваныя і дастаўленыя ў Варну, сярод іх сем грамадзян Украіны і восем – Азербайджана. Пяцярым маракам спатрэбілася медыцынская дапамога з-за нязначных траўмаў. CHELSEA 3 ходзіць пад мальтыйскім сцягам, зарэгістравана ў Адэсе.

Яшчэ адно судна затанула ў 17 мілях на ўсход ад Крапеца. Паведамляецца пра аднаго выратаванага марака. Інфармацыя пра прыналежнасць судна і лёс астатніх членаў экіпажа не была прадстаўлена.

Прэм’ер-міністр Румен Радзеў абвясціў, што будзе выкліканы пасол РФ. Кіраўнік балгарскага ўрада таксама збіраецца правесці размову з генеральным сакратаром NATO Маркам Рутэ.

Тыдзень таму ў выключнай эканамічнай зоне Балгарыі ўжо былі атакаваныя два гандлёвыя судны. Сухагруз ALFA WATAN атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні і затануў. Яшчэ адзін балкер ABLE пад сцягам Палау загарэўся. З яго былі эвакуяваныя 18 членаў экіпажа.