Два літоўскія памежнікі атрымалі буйныя штрафы за кантрабанду цыгарэт

Акруговы суд у Каўнасе прысудзіў да штрафаў шэсць чалавек, якія абвінавачваліся ў кантрабандзе цыгарэт з Беларусі. Сярод абвінавачаных — два экс-супрацоўнікі літоўскай памежнай службы.

Як устанавіла следства, у ноч на 27 кастрычніка 2024 года абвінавачаныя, размеркаваўшы паміж сабой ролі і дзейнічаючы разам з саўдзельнікамі з Беларусі, пры дапамозе дронаў перакінулі з Беларусі ў Літву 33 тысячы пачкаў цыгарэт коштам 148 тысяч злотых.

Сярод абвінавачаных — два былыя супрацоўнікі памежнай службы Літвы (VSAT). На момант здзяйснення злачынства яны працавалі малодшымі спецыялістамі VSAT. Яны павінны былі забяспечыць адсутнасць патрулёў на патрэбным участку мяжы падчас перакідвання цыгарэт.

Усе шэсць абвінавачаных былі прызнаныя вінаватымі ў незаконных дзеяннях з падакцызнымі таварамі. Два экс-памежнікі былі дадаткова прызнаныя вінаватымі ў злоўжыванні службовым становішчам, адзін чалавек — у незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі.

Экс-памежнікі атрымалі штрафы ў 21,9 і 22,2 тысячы еўра. Ім таксама забаранілі займаць пасаду дзяржслужачага на працягу 4 гадоў. Астатнія абвінавачаныя атрымалі штрафы ад 17,2 да 24,9 тысячы еўра, паведамляе VSAT.