Два крыптабанкі з’явяцца ў Беларусі

У Беларусі ў хуткім часе з’явяцца два першыя беларускія крыптабанкі. Гэта будуць «вядомыя гульцы на крыптарынку». Пра гэта ішла гаворка на пасяджэнні Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій 28 верасня, паведамляе прэс-служба ўрада Беларусі.

На пасяджэнні пад старшынствам прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына разглядаліся пытанні развіцця крыптасектара і адкрыцця крыптабанкаў.

«На працягу больш як паўгода вялася актыўная нарматворчая работа ў мэтах рэалізацыі ўказа кіраўніка дзяржавы па пытаннях дзейнасці крыптабанкаў, які набыў моц у ліпені бягучага года. Быў прыняты цэлы шэраг пастаноў урада, прававых актаў Нацыянальнага банка і Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій. Рэалізаваныя неабходныя арганізацыйныя меры для ўвасаблення ў жыццё ідэй, закладзеных ва ўказе кіраўніка дзяржавы. І сёння вынікам усёй праведзенай работы сталі падрыхтаваныя рашэнні аб рэгістрацыі ў Парку двух першых у айчыннай гісторыі крыптабанкаў», — заявіў Турчын.

Паводле слоў першага намесніка начальніка Сакратарыята Назіральнага савета ПВТ Дзмітрыя Калечыца, крыптабанкі з’яўляюцца вядомымі гульцамі ў ПВТ і крыптасектары.

«Тыя арганізацыі, якія цяпер плануюць станавіцца крыптабанкамі, — гэта вядомыя гульцы на рынку ў парку і на крыптарынку, гэта значыць яны маюць дастаткова добры практычны досвед работы ў крыптасферы», — заявіў Калечыц.

Калечыц адзначыў, што ўсе асноўныя пытанні дзейнасці крыптабанкаў урэгуляваныя, сфарміраваныя каманды і IT-архітэктура, праведзеныя тэхнічныя і юрыдычныя аўдыты.

Крыптабанкі будуць зарэгістраваныя як рэзідэнты ПВТ, а затым павінны прайсці акрэдытацыю Нацбанка.

«Важна таксама адзначыць, што тут падвойнае рэгуляванне, якое будзе з боку Парка і з боку Нацыянальнага банка. І мы мяркуем, што, несумненна, гэта будзе станоўча ўплываць на паляпшэнне экасістэмы фінансавых патокаў, на павышэнне тэхналагічнасці гэтага бізнесу, павышэнне даверу да фінансавых інстытутаў, а таксама прыток інвестыцый і рост даходаў у нашай краіне.

Для таго каб крыптабанк паўнавартасна стаў крыптабанкам, другім этапам з’яўляецца атрыманне, уваходжанне, уключэнне ў рэестр крыптабанкаў Нацыянальнага банка. Адпаведна, рашэнне будзе прымацца яшчэ пасля рашэння, якое прыняў Назіральны савет, Нацыянальным банкам», — расказаў Калечыц.

У ПВТ разлічваюць, што стварэнне крыптабанкаў павысіць эфектыўнасць функцыянавання фінансавага рынку, дапаможа дыверсіфікаваць фінансавыя інструменты.

«Усё ў цэлым гэта павінна служыць павышэнню эфектыўнасці функцыянавання фінансавага рынку, дыверсіфікацыі рознага роду фінансавых інструментаў, што ў цэлым павінна служыць пашырэнню магчымасцей і абароны зберажэнняў і разнастайнасці фінансавых аперацый, якія карыстальнікі фінансавых паслуг могуць атрымліваць, што ў цэлым павінна весці да павышэння дабрабыту», — заявіў Калечыц.