Два беларусы прыдумалі схему кантрабанды ветэрынарных прэпаратаў. Ім пагражае да 10 гадоў калоніі

Два грамадзяніны Беларусі хацелі нелегальна ўвезці ветэрынарныя прэпараты з Польшчы, але схему выявілі брэсцкія мытнікі.

У пункт пропуску «Казловічы» прыбыў грузавік польскага перавозчыка. За рулём знаходзіўся 46-гадовы беларус. Паводле дакументаў, у машыне перавозіліся адзенне, спартыўнае абсталяванне і электроніка.

Кіроўца зарэгістраваўся ў зоне мытнага кантролю, але не стаў афармляць груз, а пайшоў на стаянку, дзе знаходзіўся мікрааўтобус таго ж перавозчыка. У мікрааўтобусе перавозілася рэнтген-абсталяванне, ужо аформленае ў мытным дачыненні.

Кіроўца грузавіка і 56-гадовы кіроўца мікрааўтобуса знялі накладзеныя на аўтамабілі пломбы і перагрузілі з адной машыны ў другую ветэрынарныя прэпараты коштам каля 100 тысяч рублёў, паведамляе ДМК.

Мытнікі сарвалі спробу ўвезці кантрабанду. Ветпрэпараты вынятыя.

У дачыненні да абодвух кіроўцаў і неўстаноўленых удзельнікаў схемы распачатая крымінальная справа паводле артыкула аб кантрабандзе. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: ДМК
Фота: ДМК
Фота: ДМК