Дроны атакавалі Ільскі НПЗ у Краснадарскім краі

У ноч на 26 верасня расійскія рэгіёны падвергліся маштабнай атацы ўкраінскіх беспілотнікаў. У Растоўскай вобласці пацярпелі 5 чалавек, у Краснадарскім краі ёсць загінулыя, у Белгародскай вобласці паведамляецца пра загінулых і параненых.

Губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар паведаміў, што ў рэгіёне былі знішчаныя больш за 30 беспілотнікаў. У Азове ў выніку падзення БПЛА пашкоджаныя шматкватэрныя і прыватныя дамы, прамысловыя аб’екты, школа, палац культуры і аўтамабілі. У Таганрогу і Азове пацярпелі 5 чалавек, у тым ліку дзіця, усе шпіталізаваныя.

Паводле інфармацыі губернатара Веніяміна Кандрацьева, у Краснадарскім краі атака адбылася ў Северскім раёне. Ён паведаміў пра загінулых і аднаго цяжка параненага. Абломкі беспілотніка пашкодзілі жылы будынак, на тэрыторыі двух прадпрыемстваў узніклі ўзгаранні.

Паводле даных OSINT-аналізу Astra, гэтай ноччу быў атакаваны і загарэўся Ільскі нафтаперапрацоўчы завод у Северскім раёне Краснадарскага края. Афіцыйныя ўлады Краснадарскага края факт паражэння НПЗ не пацвярджалі. Завод размешчаны прыкладна за 50 кіламетраў ад Краснадара, яго магутнасць складае каля 6,6 млн тон нафты за год. Адзначаецца, што гэта адно з вядучых прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі на поўдні Расіі, прадукцыя якога выкарыстоўваецца ў тым ліку для забеспячэння расійскіх войскаў. Ільскі НПЗ неаднаразова падвяргаўся атакам украінскіх дронаў.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў пра знішчэнне 20 беспілотнікаў, якія ляцелі на расійскую сталіцу.

Аператыўны штаб Белгародскай вобласці паведаміў пра атакі беспілотнікаў і іншыя пашкоджанні ў некалькіх муніцыпалітэтах. У прыватнасці, у вёсцы Зозулі ў выніку атакі дрона на аўтамабіль загінула сямейная пара. Таксама паведамляецца пра загінулага мужчыну ў вёсцы Санкова і некалькіх пацярпелых у розных населеных пунктах рэгіёна.

Мінабароны РФ заявіла, што з 20:00 25 верасня да 8:00 26 верасня расійскія сілы СПА перахапілі і знішчылі 645 украінскіх беспілотнікаў самалётнага тыпу над рэгіёнамі Расіі, Маскоўскім рэгіёнам, Краснадарскім і Стаўрапольскім краямі, Крымам і акваторыямі Чорнага і Азоўскага мораў.