Фота: Reform.news.
Дарога, (не)магчымасць вяртання, радзіма, прастора і час, мова, самота, турма і свабода — гэтыя паняцці сталі вузлавымі тэмамі ўроцлаўскай эдыцыі фестывалю «Прадмова». Праграма форуму, які з поспехам прайшоў у сценах Асалінеума з 2 па 4 кастрычніка, нечаканым чынам зарыфмавала розныя сустрэчы, выказванні ўдзельнікаў і дзе-нідзе нават кулуарныя размовы.
Reform.news сабраў шэсць фрагментаў з розных імпрэзаў фестывалю, агульная праграма якога налічвала больш за трыццаць дыскусій і прэзентацый.
(З прэзентацыі новага выдання «Доўгай дарогі дадому» Васіля Быкава «Шляхамі нацыянальнага генія». Удзельнічалі Уладзімір Арлоў, Яанна Бэрнатовіч; мадэратар — Яраслаў Іванюк)
«Вось і пра памяць: мы ведаем, што няма вуліцы Быкава. Няма ні ў Горадні, дзе ён працаваў, ні ў Менску, ні ў Вушачах — хоць ён быў ганаровым грамадзянінам Вушачаў. Няма ў Віцебску вуліцы, няма помнікаў…
На радзіме ў Бычках разабралі дом, пабудаваны ягоным бацькам. Мне рэстаўратары казалі, што можна было закансерваваць гэтыя бярвёны, што ёсць адпаведныя тэхналогіі. Але не — іх проста разабралі і зрабілі на тым месцы, на тым жа падмурку, навабуд. Зрабілі такі сціплы музейчык. Але калі казаць пра Бычкі, то мне здаецца, што там памяць пра Быкава захоўваюць якраз не гэтыя нанова складзеныя бярвёны. А Genius Loci — возера Белякоўскае, пра якое Быкаў напісаў у «Доўгай дарозе дадому». Як яго суседскі хлопчык павёў на гэта возера: свет малага Васіля быў зусім малы, а той хлопчык паказаў яму больш шырокі свет. Ён убачыў гэта возера, і яно засталося для яго вобразам хараства і вобразам радзімы на ўсё жыццё.
Гэтае Белякоўскае возера — Быкаў ведаў яго старажытную назву, Гарадзень, і казаў: “Тут, хлопцы, напэўна, нейкае гарадзішча стаяла на беразе”. Фантастычнае возера, яно нібы горнае — спускаешся ў такую цясніну, трымаешся за хмызы, каб не зваліцца, такія там стромыя берагі. А потым плывеш… Вада там заўсёды сцюдзёная і нейкая гаючая. Мы, калі ездзілі ў Бычкі на дзень народзінаў Быкава, плавалі там, і здавалася, што гаючасці гэтай хапае на цэлы год.
І галоўная памяць пра Быкава, вядома, захоўваецца ў ягоных кнігах. Дзякуй тым, хто іх выдае і перакладае. “Доўгая дарога дадому” сканчваецца такімі словамі: “Логас мой песімістычны, але душа мая прагне аптымізму”. Ну дык давайце будзем таксама штосьці рабіць, што ад нас залежыць, каб тая быкаўская мара, якой прагнула яго душа, стала явай».
(З прэзентацыі кнігі «Падземныя пераходы». Удзельнічалі аўтар Альгерд Бахарэвіч, рэдактар Сяргей Шупа і літаратуразнаўца Марына Казлоўская)
«У мяне ёсць два любімыя гарады — гэта Менск і Берлін. Я іх люблю, напэўна, аднолькава. Але Менск — мой родны горад, радзіму не выбіраюць. Менск я люблю, і пры гэтым усе спробы паказаць сучасны Менск у маім рамане “Падземныя пераходы” насамрэч не маюць ніякага сэнсу. Таму што я не ведаю, як мой родны горад выглядае сёння. Хутка будзе шэсць гадоў, як не быў у Менску. Думаю, што таго Менску, у якім жыў я, у якім жылі мы, больш няма. І Менск у гэтым рамане для мяне — гэта найперш аднапакаёвая кватэра дзесьці там у Масюкоўшчыне, каля праспекта Плюшкіна. Вось гэта мой родны горад у гэтай кнізе: гэтая кватэра, яе сцены, падлога, столь і вокны.
А вось Берлін я якраз добра адчуваю, ведаю, і я — берлінец. Сёння я магу сказаць гэта з гордасцю. Але што такое Берлін? Там вельмі лёгка быць чужым, у Берліне быць чужым — гэта натуральна. Прыкладна палова насельніцтва сучаснага Берліна — людзі, якія прыехалі туды з іншых краін. Прычым гаворка пра цэлы свет, пра ўсе кантыненты. Берлін — гэта сапраўдны Бабілён. Такім ён быў і такім застаецца.
І для мяне, напэўна, усё склалася тут найлепшым чынам. Таму што я прывык быць чужым. Мяне вельмі цікавіць гэты стан чужасці, цікавіць адчужанасць. Я думаю, што адчужанасць ляжыць і ў аснове літаратуры таксама: каб пісаць кнігі, ты мусіш мець дыстанцыю, мусіш глядзець на тое, што адбываецца — можа, нават звысока і ў кожным разе зверху. І Берлін дазваляе мне гэта.
Я вельмі ўдзячны Берліну за тое, што ён мяне прымае. Калі я чытаю навіны пра тое, як беларусы сёння жывуць у розных еўрапейскіх гарадах, я разумею, як нам у Берліне пашанцавала. У нас проста немагчыма ўявіць тое, пра што пішуць беларусы з Польшчы ці пра што расказваюць мае ўкраінскія сябры і калегі. Нікому ў Берліне ў галаву не прыйдзе сказаць: “Ты тут чужы, “спердоляй” куды-небудзь, у цябе акцэнт не той”. Там ува ўсіх акцэнт не той!
Для мяне ўдзячнасць гораду — гэта не проста прыехаць і жыць там. Вельмі важна ўсталяваць з месцам сувязь. А як яе ўсталяваць? Трэба вывучаць яго гісторыю. Нядаўна беларускія чытачы спыталі ў мяне: “Вось мы жывём некалькі гадоў у Варшаве, але не адчуваем сувязі з месцам, яна для нас чужая. Што рабіць?” Я кажу: пачніце з вуліцы, дзе вы жывяце — у Варшаве, ва Уроцлаве ці ў Гданьску. З гісторыі вашага дома. У інтэрнэце даволі шмат інфармацыі: даведайцеся, хто жыў тут да вас, што гэта былі за людзі і якія ў іх былі лёсы. Толькі так усталёўваецца гэты важны кантакт. Ты не перастанеш быць чужым, але зразумееш, што горад насамрэч прымае ўсіх. Гораду няважна, адкуль ты — з Беларусі, Польшчы ці з іншай краіны».
(З дыскусіі «Зноў пра турму? Галасы з-за кратаў…». Удзельнічалі Максім Знак, Віктар Бабарыка; мадэратары — Таццяна Нядбай, Павел Лягчылаў)
«Мне чыталася ў турме ўсё, дзе былі літары. А калі сканчваліся кнігі — мне пісалася. Я вельмі шмат чаго перачытаў і прачытаў новага. І скажу, што калі я чытаў Шаламава і Салжаніцына, гэта было жахліва, але пры гэтым узнікала адчуванне нейкай падтрымкі. Таму што ў параўнанні з тым, праз што прайшлі вязні ГУЛАГу, у некаторых з нас быў “лайт”-рэжым — нягледзячы на ўсе жахлівыя падзеі. Задачы знішчыць фізічна ўсіх, хто знаходзіцца ў сістэме, не існуе, мяркую. Час іншы, і катаванні сталі зусім іншымі.
У тых умовах, у якіх я сядзеў у найбольш жорсткім варыянце — калі і холадна, і матраца няма, і ніякіх рэчаў няма — думаю, шмат хто з вязняў ГУЛАГу гатовы быў бы ахвяраваць усім, каб патрапіць у такія “класныя” ўмовы. Таму што ў іх пытанне было ў тым, каб дажыць да канца дня. І гэта выразна адчуваецца. У гэтым сэнсе лагерная літаратура давала падтрымку.
Але вусцішным застаецца ўсведамленне таго, што ўсе механізмы, якія працавалі тады — той жа “кум”, камунікацыя паміж зняволенымі, тое, што з імі рабілі — адбываецца і цяпер. Нічога не змянілася ў глабальнай сістэме, нават падыход да катаванняў застаўся тым жа.
Цяпер пры падтрымцы Art Power я працую над яшчэ адным літаратурным праектам — раманам пад назвай “Усе цені Сонечнага”. І ён якраз пра катаванне без катаванняў. Калі сістэма дзейнічае праз сегрэгацыю: жоўтыя біркі; тое, пра што распавядаў Віктар Бабарыка, калі ніхто не мае права да цябе звярнуцца, бо будзе пакараны; гэта затрыманне лістоў, інкамунікада…
Усе гэтыя псіхалагічныя рэчы не знікаюць проста так. Яны змяняюць псіхіку людзей. Таму што кожны дзень разумець, што ты “не такі, як усе” — падточвае чалавека. Вось ёсць звычайны забойца ці гвалтаўнік — ім можна, а табе нельга. І пра гэта — тое, што я бачыў са сваёга досведу — гэта кніга. Яна не зусім турэмная літаратура ў звычайным сэнсе, але важна перадаць гэтае разуменне.
Бо калі размаўляеш з замежнікамі ў Бруселі ці Страсбургу, яны чакаюць аповедаў пра тое, што ламалі пальцы, білі па галаве ці не давалі есці. Такое таксама ёсць, мы ведаем. Але тысячы людзей праходзяць праз сістэму, і кожны сутыкаецца з псіхалагічным гвалтам. Важна, каб свет разумеў, як гэта працуе. Нават калі падаецца: “Ну што такога, што не даюць пісаць лісты?”. Але калі ты пазбаўлены гэтага кожны дзень цягам пяці гадоў — разуменне становіцца зусім іншым».
(З дыскусіі «Зноў пра турму? Галасы з-за кратаў…»)
«Я ўжо казаў: яшчэ не чытаў кніг, якія цяпер выходзяць пра турму, але згодны з тым, што чытаць іх варта. На маю думку, тут ёсць адна небяспечная рэч. Шмат хто піша пра турму і пра свае страхі, і для чалавека турма з-за гэтага здаецца суцэльным жахам. І гэта стрымлівае людзей ад таго, каб задумацца: а што такое турма насамрэч? Што яна забірае ў чалавека?
Мне здаецца, варта казаць пра тое, што самае страшнае ў турме — што яна намагаецца забраць у цябе свабоду, забраць у цябе самога сябе. І вось шмат хто — Максім Знак у тым ліку — кажа пра тое, што трэба прайсці турму так, каб яна гэтага не здолела зрабіць.
Яна можа забраць у цябе лісты. Яна можа забраць стасункі з сябрамі і блізкімі. Забраць каву, кнігі. Але яе галоўная мэта — забраць у цябе самога сябе. Яна імкнецца раскрыць самае жахлівае і самае непрыемнае, што ёсць у чалавеку.
І вось калі ў кнігах будзе паказана, што нягледзячы на тое, што ў цябе забіраюць твой матэрыяльны свет, яны ўсё роўна не могуць забраць у цябе тое, што датычыцца тваіх унутраных каштоўнасцей — вось калі гэта ёсць у турэмнай літаратуры, яна становіцца надзвычай каштоўнай».
(З дыскусіі «Што сапраўды Ітакі тыя значаць? Пра багоў вайны, “бронзавых хлопчыкаў” і вечнае вяртанне дадому, чарговую сусветную экранізацыю і першую беларускую “Адысею”». Удзельнічалі перакладчык Лявон Баршчэўскі, пісьменнік Уладзімір Арлоў і культуролаг Максім Жбанкоў; мадэратар — Андрэй Хадановіч)
«Адразу хачу адзначыць, што мы жывем у дзіўным свеце, дзе не зусім зразумела, як складваюцца стасункі паміж класічнай культурай і поп-культурай сучаснасці. Для мяне цяпер не відавочна: ці то Крыстафер Нолан робіць прамоцыю перакладу спадара Лявона [Баршчэўскага], ці спадар Лявон натхняе Крыстафера Нолана… Як для мяне, гэта рух у два бакі, і ён мае амаль аднолькавую вагу.
Што тычыцца самай ідэі звароту — я думаю, што яна абсалютна арганічная для шалёных часоў і неадваротных пераменаў не толькі ў грамадстве, але і ў цывілізацыйным раскладзе ў цэлым. Бо ідэя звароту да мінулага — гэта самападман, гэта фантом. Вяртацца няма куды, і мы гэта ведаем дакладна.
Няма таго, што раней было. Няма тых раскладаў, дзе мы былі значнымі. Няма той сістэмы каардынат, у якой мы чагосьці былі вартыя. З гэтага пункту гледжання вяртацца няма куды. Нават калі геаграфічна ты нібыта вернешся ў тыя самыя дэкарацыі, той рэчаіснасці ўжо ніколі не будзе.
Ідэя вяртання прывабная менавіта ў сілу сваёй недасягальнасці і нерэалізаванасці. Гэта адвечная туга па нашай малой радзіме, па нашай роднай зямлі, якая калісьці зрабіла нас тымі, хто мы ёсць. Але цяпер мы існуем ужо па-за межамі гэтай залежнасці.
Таму ідэя звароту — гэта адначасова і ідэя самоты. Бо няма куды. Няма навошта. Няма з кім».
(З дыскусіі «Што сапраўды Ітакі тыя значаць?»)
«Ну, я б сказаў так, што тут вельмі цікавая з’ява. У прынцыпе, па-старагрэцку вяртанне — гэта нейтральны назоўнік анакаміде (ἀνακομιδή). Але Гамер — ці тая асоба, каторую мы называем Гамерам (гэта асобнае пытанне), — ужывае іншае слова: ностас (νόστος), і нават у множным ліку: ностой (νόστοι). То-бок вяртанне — гэта таксама множны лік.
І, працуючы над тэкстам, я задаваў сабе пытанне: чаму не анакаміде? Потым у адным са слоўнікаў — а я многа якімі карыстаўся — знайшоў, што ностас — гэта паэтычны вобраз вяртання… Тое, пра што казаў Максім, так і трэба разумець гэтае вяртанне — ну, яно там ёсць непасрэдна ў тэксце, зразумела. Але гэта ў першую чаргу вяртанне да сябе. Банальная фраза, даўно збітая…
Ітака — гэта ўжо нешта такое фантастычнае, выдуманае (ды й увогуле наконт таго, як рэальна востраў называўся — да сёння ідуць спрэчкі). А тое, што вяртанне да сябе Адысея — гэта яго шматгадовая вандроўка… Яму трэба было прайсці праз гэтую жыццёвую сваю немагчымасць. З аднаго боку — немагчымасць вярнуцца да сябе: мы знаем, што мы старэем, у нас мяняецца ўзрост, мяняюцца нашы веды пра свет і так далей. А ён імкнецца, аднак, вярнуцца туды, куды вярнуцца немагчыма».
Інтэлектуальны форум не спыняецца ва Уроцлаве і рухаецца далей: наступны прыпынак — Прага.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram