ДМК: з-за СПОТ беларуска-расійскую мяжу не праходзіць толькі невялікая колькасць машын

Сістэма пацвярджэння адпраўкі тавараў, уведзеная ў Расіі, не ўплывае на пастаўкі з Беларусі. Пра гэта пасля даклада Лукашэнку расказаў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі.

“Што датычыцца ўзаемадзеяння з РФ ва ўмовах прымянення нашымі ўсходнімі калегамі сістэмы апавяшчэння аб увозе тавараў на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі — больш за тры месяцы яны ўжо прымяняюць гэтую сістэму. Мы бачым, што пэўныя нязручнасці для беларускіх экспарцёраў ёсць у частцы кантролю на расійска-беларускай мяжы. Але нейкай сур’ёзнай праблемы мы не бачым”, — сказаў Арлоўскі, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, толькі невялікая колькасць машын, каля 0,5%, не праходзіць мяжу і вяртаецца назад з-за адсутнасці адпаведных дакументаў.

“Распрацоўваюцца цяпер сумесныя з Расійскай Федэрацыяй дакументы саюзнага ўзроўню, якія павінны спрасціць гэтую працэдуру і палепшыць сітуацыю для беларускіх экспарцёраў”, — дадаў ён.

Нагадаем, сістэма СПОТ прадугледжвае, што імпарцёр тавараў з краін ЕАЭС павінен папярэдне паведаміць падатковым органам пра пастаўку, а таксама ўнесці забеспячальны плацёж у лік выплаты падаткаў і збораў. Пасля гэтага фарміруецца электронны дакумент, які перавозчык павінен прад’явіць на мяжы. У выпадку яго адсутнасці або несупадзення загадзя адпраўленых даных з грузам, які фактычна перавозіцца, транспартны сродак не прапусцяць праз мяжу.