Для сваякоў палітвязняў адкрытая гарачая лінія

Для сваякоў і блізкіх палітвязняў адкрытая гарачая лінія @hotline202512. Там можна ўдакладніць усю даступную на дадзены момант інфармацыю пра канкрэтнага чалавека, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

Спісы вызваленых палітвязняў не будуць публікавацца, пакуль інфармацыя ў іх не будзе правераная.

«Праваабаронцы аператыўна правяраюць інфармацыю, дапамагаюць вызваленым звязацца з роднымі і аказваюць неабходную падтрымку ў першыя гадзіны і дні пасля вызвалення», — паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Офіс Ціханоўскай просіць быць асцярожнымі з інфармацыяй пра вызваленых, бо непацверджаныя імёны могуць прычыніць дадатковы боль тым, хто чакае сваіх блізкіх.

Па выніках перамоў Аляксандра Лукашэнкі і спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла беларускія ўлады абяцалі вызваліць 25 чалавек у абмен на зняцце санкцый з «Лакафарбы» і «Беллеспаперапрама». Таксама Коўл заявіў, што вызваленне палітвязняў і зняцце санкцый працягнуцца.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!