Савет міністраў пастановай №602 ад 19 лістапада распарадзіўся выдзеліць Дзяржаўнаму камітэту па навуцы і тэхналогіях дадатковыя сродкі на фінансаванне венчурных праектаў. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У адпаведнасці з ім ДКНТ атрымае амаль 3,65 млн рублёў, якія зможа накіраваць на фінансаванне венчурных праектаў. Гэтыя сродкі будуць выдзелены з бюджэту за кошт скарачэння расходаў камітэта па іншых артыкулах на 1,56 млн рублёў, а таксама за кошт пераразмеркавання сродкаў, запланаваных у бюджэце для Мінспорту, ВАК, Мінсельгасхарчу, Мінэканомікі, Мінкультуры і Акадэміі навук.
Таксама гэтай пастановай пераразмеркаваны сродкі рэспубліканскага бюджэту на карысць Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі. Першае атрымае дадатковыя грошы на аплату працы і будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея, а другое – на аплату працы. Грошы для Мінкультуры будуць знойдзены за кошт скарачэння яго расходаў па іншых артыкулах, а для Мінінфарма – за кошт сродкаў МЗС, запланаваных на ўтрыманне дыпламатычных устаноў за мяжой.