Свен Хорнауф. Фото: hornauf.org
Дэпутат зямельнага парламента Брандэнбурга ад «Саюза Сары Вагенкнехт» (BSW) Свэн Хорнаўф (Sven Hornauf) плануе аўтобусную паездку ў Беларусь. Дэлегацыя мае намер аднавіць сувязі паміж гарадамі-пабрацімамі, паведамляе dpa.
Паездка ў Беларусь запланаваная на лістапад. Хорнаўф лічыць, што такім чынам ён падае знак у падтрымку ўзаемаразумення паміж двума народамі. Раней пра гэта паведаміла газета Märkische Oderzeitung.
Паводле слоў Хорнаўфа, у красавіку 2027 года ён таксама мае намер удзельнічаць у арганізацыі паездкі ў Расію. Палітык з Франкфурта-на-Одэры заявіў, што неабходна забяспечыць магчымасць таго, «каб непасрэдна на ўзроўні людзей зноў існавалі нармальныя, рэгулярныя кантакты і каб агульная палітычная абстаноўка, незалежна ад таго, з якога боку яна вызначаецца, не перашкаджала гэтым кантактам».
У адказ на запыт Хорнаўф паведаміў, што ў запланаванай паездцы ў Беларусь хочуць узяць удзел ад 30 да 40 чалавек, пераважна беспартыйных. Аднак сярод удзельнікаў, акрамя некалькіх членаў BSW, ён назваў таксама прадстаўнікоў «Зялёных» і «Альтэрнатывы для Германіі» (АдГ). Наперадзе дадатковыя падрыхтоўчыя сустрэчы.
Паводле слоў Хорнаўфа, самая вялікая група прыедзе з Франкфурта-на-Одэры. Ён анансаваў візіт дэлегацыі гэтага горада ў Віцебск з 6 па 11 лістапада.
Іншыя ўдзельнікі аўтобуснай паездкі маюць намер аднавіць ранейшыя пабрацімскія сувязі ў Мінску і іншых гарадах. Патсдам, напрыклад, у мінулым падтрымліваў адносіны з беларускай сталіцай.
Вясной Хорнаўф быў адным з ініцыятараў наведвання расійскага пасольства ў Берліне членамі і прыхільнікамі BSW. Ён таксама выклікаў крытыку тым, што падтрымаў некалькі прапаноў АдГ.
У 2024 годзе дэпутат, які працуе адвакатам у Франкфурце-на-Одэры, падчас перамоў аб фарміраванні ўрада паміж Сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі (СДПГ) і BSW выступіў з крытыкай размяшчэння сістэмы супрацьракетнай абароны Arrow 3 на авіябазе бундэсвера Хольцдорф. Кааліцыя СДПГ і BSW у Брандэнбургу распалася ў студзені гэтага года.