Дэлегацыя беларускіх дэмсіл упершыню прыняла ўдзел у сесіі Паўночнага савета

Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл упершыню прыняла ўдзел у сесіі Паўночнага савета ў Хельсінкі ў статусе міжнародных гасцей. Яе ўзначаліла намесніца дырэктара Офіса Святланы Ціханоўскай Станіслава Гліннік.

У склад дэлегацыі таксама ўвайшлі Павел Баркоўскі ад Аб’яднанага пераходнага кабінета, Леў Львоўскі ад грамадзянскай супольнасці, прадстаўнік платформы палітычных партый, Маргарыта Ворыхава ад Каардынацыйнай рады.

Удзел дэлегацыі арганізавалі пры садзейнічанні Офіса Савета міністраў Паўночных краін у Літве. Падчас сесіі беларускія прадстаўнікі абмеркавалі з парламентарыямі паўночнаеўрапейскіх краін сітуацыю ў Беларусі і перспектывы далейшага супрацоўніцтва.

У сваім выступленні Гліннік нагадала пра палітвязняў, рэпрэсіі і пагрозы незалежнасці Беларусі з боку Расіі. Яна таксама падзякавала паўночным краінам за падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду.

«У Еўропе не можа быць трывалай бяспекі без дэмакратычнай Беларусі. Беларусь таксама не можа стаць суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусы павінны мець права вырашаць будучыню сваёй краіны. Вось чаму наша прысутнасць тут важная. Наша дэлегацыя прадстаўляе ўсе ключавыя часткі беларускага дэмакратычнага руху. І цяпер мы імкнёмся зрабіць супрацоўніцтва з Паўночным саветам рэгулярным і змястоўным», — заявіла яна.

Беларуская дэлегацыя імкнецца атрымаць статус назіральніка, удзельнічаць у штогадовых сесіях і працаваць з камітэтамі Паўночнага савета. Наступным сумесным крокам стане круглы стол па Беларусі, які плануецца правесці 8 снежня ў Стакгольме, паведамілі ў Офісе Ціханоўскай.

Відэа: t.me/tsikhanouskaya