Фото: Яндекс Go
У выніку атакі БПЛА пашкоджана інфраструктура дата-цэнтра “Яндэкса” ва Уладзіміры. Праца дата-цэнтра цалкам спынена. Пацярпелых няма, профільныя службы ўжо працуюць на месцы, ліквідуюць наступствы. Пра гэта паведаміла прэс-служба “Яндэкса” ў 3:59 па маскоўскім часе.
“Канфігурацыю рэсурсаў, якая засталася, лічым няўстойлівай. Рэжым працы платформы з’яўляецца аварыйным – рэкамендуем задзейнічаць любыя іншыя альтэрнатыўныя планы па аварыйным аднаўленні. Каналы камунікацый з тэхнічнай падтрымкай могуць працаваць нестабільна. Каманда працуе над ацэнкай шкоды і магчымымі планамі па аднаўленні працы”, – удакладнілі ў найбуйнейшай тэхналагічнай кампаніі Расіі.
Yandex Cloud паведамляе пра частковае парушэнне працы воблачнай інфраструктуры з-за збою электрасілкавання ў зоне ru-central1-a. Гэта адна з пляцовак, дзе размяшчаюцца серверы воблака. Паводле паведамлення кампаніі, большасць баз даных з рэзерваваннем пераключыліся на рэзервовыя магутнасці, аднак некаторыя застаюцца недаступнымі альбо працуюць толькі ў рэжыме чытання. У файлавым сховішчы магчымыя праблемы з запісам даных. Кампанія аднаўляе працу інфраструктуры і каналаў тэхнічнай падтрымкі, рэкамендуючы кліентам выкарыстоўваць альтэрнатыўныя пляцоўкі.
Праблема закранула ў тым ліку карыстальнікаў з Беларусі. На гэты момант не працуе сэрвіс заказу таксі “Яндекс GO”. Карыстальнікі масава скардзяцца на праблему.
“Прыкладанне не працуе, не змагла выклікаць таксі, спазнілася на міжгародні аўтобус”, – піша адна з карыстальніц сэрвісу.
“Доўгая загрузка прыкладання. Не працуе”, – дадае іншы.
Раней “Яндекс” паведамляў, што ў ноч з 7 на 8 кастрычніка дата-цэнтр кампаніі ў Сасаве быў сур’ёзна пашкоджаны з-за атакі БПЛА. Яго праца цалкам спынена. Раніцай 9 кастрычніка адбылася атака на яшчэ адзін дата-цэнтр, у Калузе.
Відавочцы ў сетцы публікуюць кадры атакі на дата-цэнтр ва Уладзіміры.