Фота: сайт выдавецтва.
Беларуская мастацтвазнаўца і даследчыца культуры Кацярына Рускевіч напісала англамоўны даведнік «Minsk. Art for Architecture. Monument art since 1955», які рыхтуе да выхаду берлінскае выдавецтва DOM publishers («Дом»). Кніга з’явіцца вясной 2027 года і стане першым сістэмным гідам па познесавецкім манументальным мастацтве беларускай сталіцы для падарожнікаў.
У выданні сабрана больш за 80 лакацый у Мінску, мінскім метро і вобласці: вітражы, мазаікі, рэльефы, літое шкло ў санаторыях, дамах культуры і нават знакаміты будынак, у якім месціцца «самы брутальны KFC у свеце». Усе аб’екты суправаджаюцца QR-кодамі з геалакацыяй, таму кнігу можна выкарыстоўваць як гатовы маршрутны даведнік падчас паездкі ў Мінск — і адначасова як архіў твораў, якія паступова знікаюць падчас сучасных перабудоў.
Таксама кніга дапоўнена ўступным эсэ пра шлях ад віцебскага авангарду Шагала і Малевіча да ўласнай беларускай школы манументалізму.
Кацярына Рускевіч — беларуская мастацтвазнаўца, даследчыца спадчыны савецкага манументальнага мастацтва Беларусі (1961–1990 гады). Яна вядомая як сустваральніца анлайн-мапы беларускага савецкага манументальнага мастацтва, на якой сабрана інфармацыя пра больш чым 500 мазаік, вітражоў, сграфіта і рэльефаў па ўсёй краіне дзеля іх фіксацыі і вяртання імёнаў аўтараў.
DOM publishers («Дом») — незалежнае берлінскае выдавецтва, заснаванае ў 2005 годзе архітэктарам Філіпам Мойзерам. Яно спецыялізуецца на кнігах па архітэктуры, урбаністыцы і дызайне, а таксама вядомае сваёй міжнароднай серыяй архітэктурных даведнікаў па гарадах свету і даследаваннямі спадчыны Усходняй Еўропы і постсавецкай прасторы.
Аформіць перадзамову на выданне ўжо можна на сайце выдавецтва.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram