Дарадца Зяленскага выказаў здагадку, што «Шахеды» выкарыстоўваюць мабільную сетку Беларусі

Расійскія рэактыўныя беспілотнікі тыпу «Шахед», якія накіроўваюцца да Кіева, могуць выкарыстоўваць базавыя станцыі мабільнай сувязі, размешчаныя ў Беларусі. Такое меркаванне выказаў пазаштатны дарадца прэзідэнта Украіны па пытаннях развіцця тэхналагічных напрамкаў абароны Сяргей Бяскрэстнаў, вядомы пад пазыўным Флэш.

Ён звярнуў увагу, што сотні рэактыўных «Шахедаў» ляцяць да ўкраінскай сталіцы не найкарацейшым шляхам, а па маршруце, які дазваляе ім максімальна доўга заставацца каля мяжы з Беларуссю.

Паводле адной з разгледжаных ім версій, гэта можа быць звязана з кіраваннем беспілотнікамі праз вузлы mesh-сеткі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Аднак, як адзначыў Бяскрэстнаў, далёкасць працы такіх сродкаў сувязі значна перавышае адлегласць да мяжы.

Эксперт выказаў здагадку, што выбар маршруту можа тлумачыцца наяўнасцю на беспілотніках LTE-мадэмаў, якія падчас палёту падключаюцца да базавых станцый беларускіх аператараў мабільнай сувязі.

Бяскрэстнаў падкрэсліў, што гэта толькі яго гіпотэза, і прапанаваў іншым спецыялістам выказаць свае версіі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!