Данія высылае расійскага ваеннага аташэ

Данія высылае расійскага ваеннага аташэ і плануе скараціць выдачу віз грамадзянам Расіі. Рашэнне прынята пасля прадухілення замаху на ўкраінскага рэпера Kyivstoner.

Пра высылку расійскага ваеннага аташэ з краіны сёння заявіў на прэс-канферэнцыі міністр замежных спраў Даніі Ларс Лёке Расмусэн. Аташэ павінен пакінуць Данію на працягу сямі дзён, паведамляе Nyheder.

Прэм’ер-міністр Метэ Фрэдэрыксен заявіла, што Данія прыпыніць выдачу ўсіх «неістотных» віз грамадзянам Расіі. Акрамя гэтага, візы будуць лічыцца сапраўднымі толькі ў краіне, дзе іх выдалі, гаворыцца ў заяве Фрэдэрыксен.

Служба бяспекі і разведкі Даніі (PET) заявіла сёння, што прадухіліла замах на рэпера Kyivstoner, грамадзяніна Украіны і ЗША.

Паводле даных PET, замах на музыканта рыхтаваўся расійскімі спецслужбамі ў верасні гэтага года, калі ён павінен быў выступаць у Даніі. Па справе затрыманыя два чалавекі. Ім прад’яўлены абвінавачанні ў замаху на забойства і аказанні дапамогі замежнай разведцы.