Скриншот видеозаписи Банка России
Цэнтрабанк Расіі апошнім часам спыніў зніжэнне ключавой стаўкі. У заявах рэгулятара гаварылася пра зніжэнне вытворчых магутнасцяў у асобных галінах, што можна было звязаць з ударамі УСУ па расійскіх НПЗ. Сёння, выступаючы на пасяджэнні камітэтаў Дзярждумы, старшыня праўлення Банка Расіі Эльвіра Набіуліна прама назвала наступствы атак прычынай рашэнняў.
«Атакі на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, іншыя прамысловыя прадпрыемствы, ЦАДы, лагістычныя цэнтры абмежавалі вытворчыя магчымасці. Мы мяркуем, што гэта часова, бо і сам бізнес, і ўрад прыкладаюць каласальныя намаганні для аднаўлення пацярпелых аб’ектаў», – цытуе яе РБК.
Пакуль аднаўленне не завершана, попыт павінен расці стрыманымі тэмпамі. Пры гэтым гаворкі пра зніжэнне ВУП не ідзе. На гэтым фоне празмерны рост попыту можа ўзмацніць інфляцыю.
«Дапусціць гэтага нельга. І па меры аднаўлення магутнасцяў разам з паступальным ростам прадукцыйнасці працы, гэта важна, гэтая рызыка будзе змяншацца, і гэта адкрые прастору для далейшага змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі, зніжэння ключавой стаўкі. Але не раней за гэта», – патлумачыла яна.
Таксама сярод прычын часовага адмоўлення ад зніжэння ключавой стаўкі Набіуліна назвала рост інфляцыйных чаканняў, а таксама высокі ўклад бюджэту ў попыт сёлета і ў наступныя два гады, чым чакалася.
«І ў спалучэнні яны даюць адназначны сігнал пра тое, што пакуль нельга спяшацца са зніжэннем ключавой стаўкі. Гэта прывяло б да адваротных вынікаў — росту працэнтных ставак у эканоміцы, росту цэн, да новых складанасцяў для нашых прадпрыемстваў. А складанасцяў у іх і так хапае. І пачынаць усё спачатку не проста не хацелася б, гэта было б недаравальнай памылкай», — заключыла яна.