Фото: smolevichi-24.by
Камунальныя службы Смалявічаў другі дзень ліквідуюць буйны засор каналізацыйнага калектара ў цэнтры горада. З-за пробкі з вільготных сурвэтак і ануч сцёкавыя воды трапілі ў падвалы Дома культуры і размешчанага побач дзіцячага сада, піша Smolevichi-24.by.
Паводле слоў дырэктара Смалявіцкага водаканала Яўгена Нікалаева, работы пачаліся напярэдадні каля 15:00 і працягваліся да 23:00. Раніцай камунальнікі зноў прыступілі да ачысткі калектара.
“Прайшоў усяго тыдзень пасля таго, як мы ліквідавалі засор на вуліцы Камсамольскай. І вось – новая аварыя”, – паскардзіўся ён.
Забітым аказаўся ўчастак каналізацыйнай сеткі працягласцю каля 500 метраў. Для ліквідацыі засору задзейнічалі гідрадынамічную і вакуумную машыны, аднак частку смецця рабочым даводзіцца выцягваць уручную. Толькі за першы вечар з калодзежа дасталі каля 10 вёдзер адходаў. Усяго вынята больш за 200 кг зляжалых вільготных сурвэтак і рыззя.
“І гэта далёка не ўсё — калодзеж дагэтуль поўны, мы разгойдваем яго машынамі, прабіваемся далей. Паводле слоў дырэктара водаканала, калодзеж застаецца запоўненым смеццем, таму работы працягваюцца”, – расказаў дырэктар водаканала.
Калі прабіць засор не ўдасца, камунальнікам давядзецца ўскрываць участак у цэнтры горада. Калектары праходзяць на глыбіні каля 5 метраў, а з-за пяску-плывуна для рамонту спатрэбіцца катлаван шырынёй не менш за 6 метраў. Паводле ацэнкі водаканала, такія работы могуць заняць каля месяца.
Нікалаеў заклікаў жыхароў не змываць у каналізацыю вільготныя сурвэткі, анучы і іншае смецце.
“Мы неаднаразова прасілі і папярэджвалі: будзьце добрыя, паважайце працу іншых людзей і шануйце ўласны камфорт! Мы працуем для вас. Але вашы вільготныя сурвэткі, кінутыя ва ўнітаз, цалкам спыняюць гарадскую сістэму водаадвядзення. А потым у водаканал паступаюць дзясяткі скаргаў на тое, што брудныя сцёкі стаяць у падвалах. Але ж людзі самі ствараюць гэтыя аварыі! Чысціня і парадак залежаць толькі ад нашага агульнага ўзаемадзеяння: вы не смецiце ў каналізацыю – мы якасна робім сваю працу”, – звярнуўся ён да гараджан.