Скриншот эфира ОНТ
У 40-гадовага мужчыны, які пацярпеў пры скачку з вышыні ў Мінску, развіўся ацёк галаўнога мозга. Таксама ў яго дыягнаставалі цяжкую траўму спіннога мозга і пераломы груднога і паяснічнага аддзелаў пазваночніка. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ расказаў загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска Іван Барташэвіч.
«Пацыент упаў, будучы прывязаным да страховачнага троса, трос абарваўся, але змог змякчыць падзенне, што і абумовіла атрыманне цяжкіх, але не смяротных траўмаў. Пацыент паступаў у прытомнасці, але на фоне траўматычнага шоку, на фоне цяжкіх пашкоджанняў у пацыента развіўся ацёк галаўнога мозга. У пацыента найцяжэйшая траўма спіннога мозга. Цяжкія пераломы груднога і паяснічнага аддзелаў пазваночніка», – праінфармаваў ён.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 13 кастрычніка. Паводле папярэдніх даных, 36-гадовы індывідуальны прадпрымальнік, які аказвае паслугі па экстрэмальных скачках з вышыні (роўпджампінгу), рыхтаваў пляцоўку да прыёму кліентаў. Яго 40-гадовы знаёмы дапамагаў яму ў мантажы і наладцы рыштунку. Мужчына вырашыў скокнуць сам і самастойна замацаваў страховачнае абсталяванне. З-за няправільнай фіксацыі вузлоў мужчына ўпаў на зямлю і атрымаў шматлікія траўмы.
Следчы камітэт устанаўлівае абставіны здарэння.