Ціханоўская ўзняла праблемы беларусаў на сустрэчы з кіраўніцай Сената Польшчы

Святлана Ціханоўская узняла актуальныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Польшчы, на сустрэчы з маршалкам Сената краіны Малгажатай Кідава-Блоньскай.

Як адзначылі ў Офісе Ціханоўскай, тэмай сустрэчы была сітуацыя ў Беларусі, падтрымка палітвязняў, далейшае супрацоўніцтва беларускіх дэмсіл з польскім парламентам. Асаблівая ўвага была нададзена праблемам беларусаў, якія жывуць у Польшчы:

  • вялікія тэрміны легалізацыі і атрымання відаў на жыхарства,
  • адмовы ў міжнароднай абароне, нягледзячы на рызыку пераследу ў Беларусі,
  • складанасці з адкрыццём і абслугоўваннем банкаўскіх рахункаў,
  • неабходнасць павелічэння тэрміну дзеяння польскіх праязных дакументаў,
  • праблемы беларускіх пенсіянераў з пенсіямі і сацыяльным забеспячэннем.

«Польшча стала другім домам для сотняў тысяч беларусаў. Мы вельмі ўдзячныя за падтрымку, якую атрымліваюць нашыя людзі. Але застаецца шмат праблем, якія трэба вырашаць. Я ўпэўненая, што гэтая сустрэча дапаможа нам прасунуцца ў іх вырашэнні.

Я ўдзячная маршалке Кідава-Блонскай за адкрытасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва. Мы хочам, каб беларусы ў Польшчы адчувалі сябе ў бяспецы, маглі нармальна працаваць, вучыцца, будаваць сваё жыццё — і захоўваць сувязь з радзімай», – заявіла Ціханоўская.

У сустрэчы з беларускага боку таксама бралі ўдзел намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка, спікер КР Арцём Брухан, кіраўніца беларускай дэлегацыі ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Ірына Халопіца, дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка і намесніца дырэктара Офіса Ціханоўскай Станіслава Гліннік.

У офісе дадалі, што ў снежні ў польскім парламенце пройдуць пашыраныя слуханні па Беларусі. У іх возьмуць удзел камісіі Сейма і Сената. Таксама абмяркоўвалася падрыхтоўка пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Сенатам і беларускімі дэмсіламі, правядзенне ў 2027 годзе канферэнцыі па польска-беларускіх адносінах.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай