Ціханоўская заклікала Еўропу рыхтавацца да дэмакратычных перамен у Беларусі

Святлана Ціханоўская 3 лістапада выступіла на Берлінскім форуме будучыні Беларусі з заклікам да еўрапейскіх партнёраў рыхтавацца да дэмакратычных перамен у краіне, распрацоўваць планы яе еўрапейскай інтэграцыі і працягваць падтрымліваць беларускае грамадства.

Форум быў прысвечаны сітуацыі ў Беларусі, яе еўрапейскай будучыні і ролі Германіі і Еўрасаюза ў падтрымцы дэмакратычных перамен. Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, Марыя Калеснікава, прадстаўнікі Бундэстага і ўрада Германіі, а таксама беларускія і еўрапейскія палітыкі і эксперты, паведамляе Офіс Ціханоўскай.

У сваёй прамове Ціханоўская заявіла, што Еўропа павінна стаць для беларусаў рэальнай альтэрнатывай «русскому миру», а дэмакратычныя сілы ўжо працуюць над стварэннем такой альтэрнатывы.

«Беларусы павінны бачыць, што Еўропа — гэта не далёкая мара, а рэальная альтэрнатыва “русскому миру”. І мы, як дэмакратычныя сілы, таксама будуем гэтую альтэрнатыву. Мы падтрымліваем міжнароднае прадстаўніцтва і распрацавалі планы рэформаў. Мы хочам пераканацца, што калі прыйдуць змены, яны будуць сістэмнымі і непаваротнымі», — сказала яна.

Ціханоўская таксама заклікала еўрапейскія краіны не адкладаць падрыхтоўку да магчымых перамен у Беларусі. Паводле яе слоў, да гэтага моманту павінны быць гатовыя і беларускае грамадства, і еўрапейскія партнёры.

«І хоць сённяшні дзень можа здавацца цёмным, такія моманты часта ствараюць магчымасці. Таму, калі надыдзе момант, Беларусь павінна быць гатовая. І Еўропа таксама павінна быць гатовая. Берлін нагадвае нам, што нават наймацнейшыя сцены могуць упасці. Што дыктатуры не вечныя. І што тое, што здаецца немагчымым сёння, можа стаць рэальнасцю заўтра», — заявіла Ціханоўская.