Ціханоўская: З’ехаць з Беларусі – не азначае спынення пераследу

Ад’езд з Беларусі не азначае спынення пераследу з боку сілавікоў. Яны па-ранейшаму могуць пагражаць бацькам, канфіскоўваць жыллё, ануляваць пашпарт і завочна прыгаворваць непажаданых да турэмнага зняволення. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская, выступаючы на мерапрыемстве «Трансгранічныя рэпрэсіі ў рэгіёне АБСЕ», якое прайшло ў рамках Варшаўскай канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні.

Ціханоўская ў сваім дакладзе заклікала ўзмацніць абарону беларусаў, як тых, хто знаходзіцца ў краіне, так і тых, хто вымушаны адправіцца ў выгнанне.

“Урады павінны забяспечыць надзейны прававы статус і праязныя дакументы для тых, хто не можа бяспечна вярнуцца дадому. Ні адзін журналіст, актывіст або былы палітвязень не павінен застацца без дакументаў з-за таго, што Лукашэнка адмаўляецца падоўжыць тэрмін дзеяння пашпарта.

Людзі, высланыя з Беларусі пасля вызвалення, павінны мець магчымасць аднавіць свае правы і свабодна вырашаць, дзе ім жыць”, – адзначыла Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што запыты аб экстрадыцыі, якія паступаюць з Беларусі, павінны старанна правярацца. Міжнароднае паліцэйскае супрацоўніцтва ні ў якім разе не павінна станавіцца інструментам для выдачы людзей туды, дзе ім пагражае пераслед.

Яна адзначыла, што ў гэтым годзе ўдалося прадухіліць экстрадыцыю або прымусовае вяртанне ў Беларусь як мінімум 15 чалавек. У гэтым былі задзейнічаныя каманды беларускіх дэмсіл і іх партнёры.

Паводле яе слоў, таксама трэба абараняць журналістаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, ад хакерскіх атак, пагроз і запалохвання. Іх бяспека важная для кожнага ў Беларусі, хто залежыць ад незалежнай інфармацыі.

“Я хачу падзякаваць паслу Эстоніі Сільверу Кунгасу, усім краінам Паўночнай Еўропы і Балтыі, а таксама БДІПЧ АБСЕ за арганізацыю гэтай сустрэчы, а таксама Польшчы і Літве — за дапамогу беларусам у пошуку бяспечнага прытулку.

Я ўдзячная краінам, якія падтрымліваюць Міжнародны гуманітарны фонд, што сабраў больш за 3,3 мільёна еўра для дапамогі людзям у пераадоленні наступстваў рэпрэсій і аднаўленні жыцця.

Рэжым павінен спыніць новыя палітычныя арышты і пераслед сем’яў. Вінаватыя ў трансгранічных рэпрэсіях павінны панесці адказнасць.

Абарона беларусаў і нашай незалежнай грамадзянскай супольнасці — гэта ўклад у бяспеку Еўропы”, – падкрэсліла Ціханоўская.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай