Светлана Тихановская. Фото: t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у канферэнцыі аб нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці Беларусі і Ірландыі, якая пройдзе 27 кастрычніка ў Дубліне.
Сярод спікераў на канферэнцыі «Ірландыя і Беларусь: нацыянальная і культурная ідэнтычнасць» таксама заяўленыя дзяржаўны міністр Ірландыі па еўрапейскіх справах і абароне Томас Бірн, ірландская даследчыца, журналістка і тэлевядучая Дойран Ні Глахайн і прафесар паліталогіі Дублінскага гарадскога ўніверсітэта Донаха О’Біхан. У мерапрыемстве таксама возьмуць удзел пісьменнікі, даследчыкі і дзеячы культуры дзвюх краін.
Удзельнікі абмяркуюць барацьбу Беларусі і Ірландыі за незалежнасць, захаванне нацыянальных моў і культуры, ролю літаратуры, мастацтва і адукацыі ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці. Асобную ўвагу нададуць уплыву рэпрэсій, падзей 2020 года і вайны на беларускую ідэнтычнасць, а таксама падтрымцы беларускай культуры з боку дыяспары і еўрапейскіх партнёраў.
Канферэнцыю арганізуюць МЗС Ірландыі, Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі і Офіс Святланы Ціханоўскай. Яна пройдзе ў рамках старшынства Ірландыі ў Савеце Еўрапейскага саюза.
Мерапрыемства адбудзецца 27 кастрычніка з 9:00 да 16:30 на пляцоўцы Peacock Stage у тэатры Abbey Theatre ў Дубліне. Зарэгістравацца на мерапрыемства можна да 19:00 23 кастрычніка па мінскім часе па спасылцы.