Ціханоўская сустрэлася з Зяленскім у Ірландыі

Святлана Ціханоўская правяла перамовы з Уладзімірам Зяленскім на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ірландыі 12 лістапада.

«Перадала яму словы салідарнасці і падтрымкі ад беларускага народа. Мы стаім на баку Украіны і ўкраінскага народа. Сёння як ніколі важна ўзмацніць нашу падтрымку Украіны, каб спыніць расійскую агрэсію і дасягнуць справядлівага і трывалага міру», — заявіла Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што зыход вайны вызначае і будучыню Беларусі, таму наша краіна павінна стаць часткай перамоваў аб міры.

«Беларускае пытанне павінна стаць часткай перамоваў аб трывалым міры. Мы не павінны дапусціць, каб Беларусь засталася пад кантролем Расіі або стала суцяшальным прызам для Пуціна. Неабходна вывесці расійскія войскі з Беларусі і аднавіць сапраўдную незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны. Без гэтага не можа быць трывалай бяспекі ні для Украіны, ні для ўсяго рэгіёна», — заявіла лідарка беларускіх дэмсіл.

Зяленскі і Ціханоўская абмеркавалі ролю рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі, важнасць прадухілення ўцягвання беларускай арміі ў вайну, адказнасць рэжыму Лукашэнкі за падтрымку агрэсіі, а таксама міжнародны ціск і санкцыі супраць рэжыму.

Ціханоўская таксама ўзняла пытанне аб падтрымцы беларусаў ва Украіне, у тым ліку аб вырашэнні праблем з дакументамі і легалізацыяй.

«Мы хочам бачыць Украіну моцнай, незалежнай і мірнай, а Беларусь — свабоднай і дэмакратычнай. Нашы народы заслугоўваюць бяспечнай еўрапейскай будучыні», — заявіла Ціханоўская.