Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з вызваленымі палітвязнямі

Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з вызваленымі беларускімі палітвязнямі, камандай «Вольных», ментарамі і валанцёрамі, якія дапамагаюць людзям пасля выхаду на свабоду.

Сустрэча прайшла ў Музеі Вольнай Беларусі. Удзельнікі абмеркавалі праблемы, з якімі вызваленыя беларусы сутыкаюцца ў Польшчы, у тым ліку легалізацыю, замену вадзіцельскіх пасведчанняў, афармленне банкаўскіх картак і адкрыццё рахункаў.

Шмат пытанняў было пра далейшае вызваленне палітвязняў: як ідзе гэтая праца, і што яшчэ можна зрабіць для тых, хто застаецца за кратамі. Асобна абмеркавалі ціск на сваякоў палітвязняў, які працягваецца ў Беларусі, паведамілі ў Офісе Ціханоўскай.

«За дапамогай пасля вызвалення стаіць вялікая штодзённая праца. Хтосьці дапамагае разабрацца з дакументамі, хтосьці суправаджае ў банк або знаходзіць адказ на пытанне, з якім чалавек сутыкнуўся ўпершыню. Я вельмі ўдзячная камандзе «Вольных», валанцёрам і ўсім арганізацыям, якія бяруць на сябе гэты клопат. Важна, каб чалавек мог звярнуцца па дапамогу і атрымаць яе своечасова. Мы павінны працягваць прыкладаць намаганні, каб усе несправядліва зняволеныя выйшлі на свабоду», – адзначыла лідарка дэмсіл.

Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya