Ціханоўская ўручыла сенатарцы Шахін медаль АПК

Святлана Ціханоўская у Нью-Ёрку сустрэлася з сенатаркай ЗША Джын Шахін, якая з’яўляецца сузаснавальніцай кокуса “За свабодную Беларусь”.

“Рада сустрэчы з сенатаркай Шахін у Нью-Ёрку для абмеркавання палітыкі ЗША ў дачыненні да Беларусі, санкцый і важнасці цвёрдай двухпартыйнай падтрымкі ў Кангрэсе.

Я падзякавала ёй за нязменную падтрымку і за тое, што яна стала адной з ініцыятарак стварэння двухпартыйнага кокуса ў Сенаце «За свабодную Беларусь». Для мяне было гонарам уручыць ёй медаль «За плённую працу на карысць Беларусі» ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі”, — напісала Ціханоўская.

У сваю чаргу Джын Шахін адзначыла, што ЗША павінны працягнуць падтрымку дэмакратычных імкненняў беларускага народа.

“Нядаўнія вызваленні зняволеных вітаюцца, але мы таксама павінны працягваць прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за яго злачынствы”, — цытуе Шахін профіль X Камітэта Сената па замежных справах.