Ціханоўская перадала старшыні ПА NATO даклад BELPOL пра мілітарызацыю Беларусі

Святлана Ціханоўская ў рамках Варшаўскага форуму па бяспецы сустрэлася са старшынёй Парламенцкай асамблеі NATO, віцэ-спікерам партугальскага парламента Маркушам Перэштрэлу, а таксама генсекам ПА NATO Бенедэтай Берці.

Прадстаўнікам парламенцкай асамблеі быў перададзены даклад ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў BELPOL пра мілітарызацыю Беларусі, прадстаўлены ўчора ў Варшаве.

«Для доўгатэрміновай бяспекі ў рэгіёне неабходныя сістэмныя дэмакратычныя змены ў Беларусі. Наша краіна павінна перастаць быць крыніцай пагрозы для Украіны, нашых суседзяў і краінаў НАТА.

Важна працягваць і ўзмацняць санкцыі супраць беларускага ваенна-прамысловага комплексу і прадпрыемстваў, якія дапамагаюць Расіі весці вайну супраць Украіны. Пры гэтым трэба памятаць, што многія беларусы выступаюць супраць вайны, падтрымліваюць Украіну і зазнаюць за гэта рэпрэсіі. Вельмі важна адрозніваць беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымліваць тых, хто змагаецца за свабодную і дэмакратычную Беларусь», – падкрэсліла Ціханоўская.

Тэмамі сустрэчы былі: сітуацыя з бяспекай у рэгіёне, вызваленне палітвязняў, пашырэнне супрацоўніцтва беларускіх дэмсіл з Парламенцкай асамблеяй NATO, ціск на беларускі ВПК і прадпрыемствы, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны. Святлана Ціханоўская таксама праінфармавала пра супрацоўніцтва беларускіх дэмсіл з парламенцкімі асамблеямі АБСЕ, Савета Еўропы, Паўночным саветам.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай