Скриншот видео x.com/Tsihanouskaya
Святлана Ціханоўская пасля ўдзелу ў саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ірландыі наведала сям’ю, у якой жыла ў дзяцінстве па праграме аздараўлення дзяцей з рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Відэа сустрэчы палітык апублікавала ў сацыяльнай сетцы X.
Ціханоўская прыехала ў горад Роскрэй у графстве Тыперэры, дзе сустрэлася з Хенры і Мэрыян Дын, якія прымалі яе каля 30 гадоў таму.
«Пасля саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці я вярнулася ў мой любімы Роскрэй, графства Тыперэры, каб убачыцца з маёй ірландскай сям’ёй, сям’ёй Дын. Упершыню я прыехала сюды каля 30 гадоў таму як «чарнобыльскае дзіця». Хенры і Мэрыян прынялі мяне як родную. Тыя летнія канікулы сфарміравалі мяне як асобу і маю еўрапейскую ідэнтычнасць», – напісала яна.
Упершыню Ціханоўская прыехала ў Ірландыю ў 1996 годзе, калі ёй было 14 гадоў. Яна ўдзельнічала ў праграме аздараўлення дзяцей з Беларусі, арганізаванай пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пасля яна расказвала, што паездка стала для яе першым знаёмствам з Захадам.
Відэа: x.com/Tsihanouskaya