Ваагн Хачатурян и Светлана Тихановская. Фото: Офис Тихановской
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Арменіі Ваагнам Хачатуранам на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе 23 студзеня.
Лідарка беларускіх дэмсіл вітала ўрэгуляванне армяна-азербайджанскага крызісу і курс армянскага ўрада на ўмацаванне адносін з Еўрасаюзам, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Ціханоўская падзякавала кіраўніцтву Арменіі за адмову выдаваць пераследаваных беларусаў па запытах рэжыму Лукашэнкі і за тое, што беларусы ў Арменіі могуць адчуваць сябе ў бяспецы.
Бакі абмеркавалі сітуацыю ў сферы бяспекі ў рэгіёне, становішча ў Беларусі, а таксама сумесныя актыўнасці ў міжнародных фарматах — у прыватнасці, удзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які пройдзе ў Ерэване.
Ціханоўская выказала надзею, што ў гэтым годзе зможа наведаць Арменію, паколькі запланаваны на восень візіт на «Еўранэст» не адбыўся.
Таксама на палях форуму Ціханоўская коратка пагутарыла з прэм’ер-міністрам Ніколам Пашынянам і міністрам замежных спраў Арменіі Араратам Мірзаянам.
«Дзякуй Арменіі за прынцыповую пазіцыю і падтрымку беларусаў. Я рада, што і прэзідэнт, і ўрад падтрымліваюць камунікацыю з нашымі дэмакратычнымі сіламі, і мы можам вырашаць практычныя пытанні.
Дзякуючы гэтым кантактам у мінулым годзе нам удалося выратаваць шэраг беларусаў ад магчымай экстрадыцыі, а ў асобных выпадках — вырашыць пытанні з легалізацыяй і дакументамі. Для нас важна ведаць, што пазіцыя Арменіі застаецца паслядоўнай, і мы будзем працягваць узаемадзеянне», — заявіла Ціханоўская.