Фото: Офис Тихановской
Страх – самы вялікі падарунак для дыктатараў, а грамадзянская мужнасць – найбольшая пагроза для іх. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская на адкрыцці Forum 2000 у нядзелю. Яна заклікала да адзінства дэмакратычнага свету перад агульнымі пагрозамі.
«Я ведаю, як цяжка захоўваць надзею, калі навокал столькі дрэнных навін. Але дыктатары хочуць, каб мы адчувалі сябе бяссільнымі. Давайце не будзем даваць ім такой радасці. Еўропа моцная дзякуючы сваім каштоўнасцям. Ніколі не адмаўляйцеся ад іх. І ніколі не недаацэньвайце ўласную сілу. Не верце Пуціну. Не верце Лукашэнку. І не бойцеся іх. Заставайцеся адзінымі. Заставайцеся ўпэўненымі. Не губляйце аптымізму. Бо найвялікшы падарунак, які мы можам зрабіць дыктатарам, — гэта наш страх. А самая вялікая пагроза для іх — наша мужнасць», – цытуе яе Офіс Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская ў сваім выступленні падкрэсліла сілу салідарнасці, важнасць перамогі Украіны, падтрымкі палітвязняў і ўсіх, хто супрацьстаіць дыктатурам.
Форум 2000 быў заснаваны ў 1996 годзе прэзідэнтам Чэхіі Вацлавам Гавелам, японскім філантропам Ёхэем Сасакавай і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Элі Візелем. Ён працягвае спадчыну Гавела, падтрымліваючы дэмакратыю, правы чалавека і грамадзянскую супольнасць, даючы магчымасць абменьвацца досведам і наладжваць супрацоўніцтва. Сёлета форум адзначае сваё 30-годдзе.
Сярод удзельнікаў форуму гэтага года – лідарка дэмакратычных сіл Венесуэлы, а таксама прадстаўнікі дэмакратычных рухаў Нікарагуа, Тыбета, М’янмы і Турцыі. Мерапрыемства таксама наведаў старшыня чэшскага Сената Мілаш Выстрчыл.