Фото: t.me/tsikhanouskaya
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская разам з намеснікам Паўлам Латушкам, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і беларускай дыяспары наведала хутар «Мроя» недалёка ад беларускай мяжы ў Польшчы. На святкаванне Купалля тут сабралася больш за 50 чалавек.
«Адзначыць Купалле на хутары з такой сімвалічнай назвай „Мроя“ — гэта як вярнуцца ў дзяцінства, дзе кожнае свята было напоўнена сапраўдным чараўніцтвам. Тое, што зрабілі тут і працягваюць рабіць Сяргей і Наталля, захапляе. Яны ператварылі закінутае месца ў сапраўдны астравок беларускасці.
Калі мы разам плялі вянкі, збіралі чарніцы, спявалі нашы песні і вадзілі карагоды, я ў чарговы раз адчула: Беларусь жыве ўнутры кожнага з нас. Нас можна пазбавіць дома фізічна, але немагчыма забраць дом з нашых сэрцаў. Дзякуй кожнаму і кожнай, хто быў у гэты дзень побач, і асабліва гаспадарам „Мроі“ — за беларускае месца ў Польшчы, дзе мы можам быць разам», — адзначыла лідарка дэмсіл.
Хутар на мяжы з Беларуссю набылі былы палітвязень Сяргей Гунь і Наталля Цюлюпава, вымушаныя з’ехаць з Беларусі ў Польшчу. Цяпер яны будуюць на гэтым месцы экавёску пад назвай «Mroja».
Сяргей Гунь нарадзіўся ў Гомелі, скончыў каледж музычнага мастацтва, шмат займаўся спортам, пазней стаў студэнтам універсітэта культуры, актыўна ўдзельнічаў у КВЗ. Стварыў праект Vypusknik.by, івэнт-агенцтва «Крона». Пасля 2020 года кардынальна змяніў жыццё, пераехаўшы жыць у вёску, дзе пачаў разводзіць курэй.
У 2022 годзе Гуня затрымалі за ўдзел у пратэстах, ён правёў 2,5 года ў зняволенні. Ён выйшаў на волю ў чэрвені 2024 года і пакінуў Беларусь. Паводле яго слоў, ідэю экавёскі ён выношваў яшчэ да затрымання, а падчас зняволення дэталёва прадумваў будучы праект.
У сакавіку 2026 года пара знайшла закінуты хутар за 8 кіламетраў ад беларускай мяжы і заключыла папярэдні дагавор на куплю ўчастка, чакаючы дазволу ад польскага МУС. Размешчаны там стогадовы дом цяпер знаходзіцца ў аварыйным стане. Гунь, які мае досвед рэстаўрацыі падобных дамоў у Беларусі, плануе яго аднавіць і стварыць экавёску.
Як падтрымаць праект, можна даведацца па спасылцы.