Фото: t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у дыскусіі «Беларусь: ціхі супраціў» у рамках міжнароднага форуму Ла-Тоха ў Іспаніі. Разам з былым высокім прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем яна абмеркавала сітуацыю ў Беларусі, дэмакратычны рух і супраціў беларусаў рэжыму.
Ціханоўская таксама падзякавала Еўрапейскаму саюзу і ЗША за падтрымку незалежных беларускіх СМІ, праваабарончых арганізацый, НКА, культурных і гістарычных ініцыятыў, якія пасля 2020 года былі вымушаныя перанесці працу за межы краіны. Яна адзначыла, што гэтая падтрымка дазволіла грамадзянскай супольнасці захаваць свае структуры і працягнуць працу ў эміграцыі.
Асобна Ціханоўская заявіла пра неабходнасць паслядоўнай палітыкі ЕС у дачыненні да дыктатур.
«Можа ўзнікнуць спакуса вярнуцца да ранейшага стану рэчаў, змірыцца з дыктатурай, з Лукашэнкам, з Расіяй. Але Еўропа грунтуецца на каштоўнасцях і прынцыпах, якія яна заўсёды абараняла. Калі ад іх адмовіцца, Расія будзе выкарыстоўваць гэта як слабасць. Таму Еўропе важна заставацца паслядоўнай», — заявіла яна.
Як адзначылі ў Офісе Ціханоўскай, тэма супраціву дэмакратыі мае асаблівае значэнне і для форуму Ла-Тоха. У 2022 годзе галоўную прэмію форуму атрымаў украінскі народ за абарону дэмакратыі і супраціў расійскай агрэсіі. У 2024 годзе лаўрэатам прэміі стаў Барэль, дыялог з якім стаў адной з апошніх міжнародных сесій форуму сёлета.