Ціханоўская: Мы не павінны выстаўляць Лукашэнку ахвярай Масквы

Лукашэнка не павінен разглядацца як ахвяра Масквы ў кантэксце расійска-ўкраінскай вайны. Ён не гарант беларускага суверэнітэту, а адна з галоўных пагроз для яго. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская, выступаючы на круглым стале “Беларусь: поўнамаштабная мілітарызацыя”. На ім быў прадстаўлены даклад ініцыятывы былых сілавікоў BELPOL пра мілітарызацыю краіны.

“Беларусь — яскравы прыклад таго, наколькі цесна звязаныя дэмакратыя і бяспека. У 2020 годзе Беларусь разглядалі найперш праз прызму правоў чалавека і дэмакратыі. Але пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе стала зразумела, што Беларусь — гэта таксама важнае пытанне еўрапейскай бяспекі.

Расійскія войскі ўварваліся ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Наша краіна стала плацдармам для агрэсіі. Я часта думаю пра тое, наколькі інакш магла б скласціся гісторыя, калі б беларуская дэмакратычная рэвалюцыя перамагла ў 2020 годзе.

Магчыма, мы не змаглі б прадухіліць вайну Расіі. Але мы маглі б не дапусціць выкарыстання Беларусі для нападу на Украіну. І, магчыма, многія жыцці былі б выратаваныя”, – сказала яна.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь стала саўдзельніцай расійскай вайны не па волі народа, а па прыхамаці Лукашэнкі. Паводле яе слоў, ён абмяняў беларускі суверэнітэт на падтрымку Пуціна, якая дазволіла яму ўтрымацца ва ўладзе.

“І мы не павінны выстаўляць Лукашэнку ахвярай Масквы. Гэта быў яго свядомы выбар. У выніку дзевяць мільёнаў беларусаў сталі закладнікамі рэжыму, а незалежнасць нашай краіны сістэматычна падрываецца.

І тое, што мы бачым сёння, не дае ніякіх падстаў меркаваць, што Масква і Мінск рыхтуюцца да міру. Наадварот.

Яны пашыраюць вайсковую інфраструктуру, паглыбляюць вайсковае супрацоўніцтва і нарошчваюць расійскую вайсковую прысутнасць у Беларусі. Менавіта гэта і паказвае сённяшняя справаздача BELPOL”, – сказала яна.

Паводле яе слоў, прыклады мілітарызацыі Беларусі не былі б магчымыя без супрацоўніцтва Лукашэнкі.

“Лукашэнка — не гарант беларускага суверэнітэту. Ён — адна з галоўных пагроз для яго. Гэтая справаздача важная, бо яна дае палітыкам, журналістам і экспертам у сферы бяспекі больш дакладнае ўяўленне пра тое, што адбываецца. Але адных доказаў недастаткова. Нам патрэбныя дзеянні.

Па-першае, мы павінны павысіць цану далейшай мілітарызацыі. Санкцыі супраць рэжыму і яго ваенна-прамысловага сектара павінны заставацца ў сіле і належным чынам выконвацца. Мы павінны закрыць шчыліны, якія дазваляюць Расіі выкарыстоўваць Беларусь для абыходу абмежаванняў.

Па-другое, неабходна прыцягваць вінаватых да адказнасці. Тыя, хто дапамагае Расіі весці гэтую вайну, павінны адказаць за свае дзеянні. Доказы, сабраныя BELPOL, iSANS і Аб’яднаным пераходным кабінетам, павінны быць вывучаныя і выкарыстаныя адпаведнымі органамі.

Па-трэцяе, мы павінны падтрымліваць беларускае грамадства”, – працягнула яна.

Ціханоўская ў чарговы раз падкрэсліла, што ў Беларусі трэба раздзяляць народ і рэжым. Беларускі народ – саюзнік у пабудове больш бяспечнай Еўропы.

Яна адзначыла, што беларускія дэмсілы сёлета дасягнулі важнага прагрэсу ў адносінах з Украінай. Было адкрыта прадстаўніцтва ў Кіеве, а кантакты з украінскім бокам становяцца больш сістэмнымі.

“Для Украіны відавочна: пакуль Беларусь застаецца пад уладай Лукашэнкі і залежыць ад Расіі, яна будзе працягваць ствараць пагрозу бяспецы.

Але свабодная і дэмакратычная Беларусь можа стаць надзейным суседам і моцным партнёрам Украіны.

Я веру, што больш цеснае супрацоўніцтва паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі можа адкрыць новыя магчымасці для пераменаў у нашай краіне.

І мы павінны быць гатовыя да розных сцэнарыяў. Калі Украіна дасягне поспеху, гэта можа адкрыць новыя магчымасці для Беларусі.

Калі будзе дасягнута спыненне агню, пытанне расійскіх войскаў, узбраенняў і вайсковай інфраструктуры ў Беларусі застанецца нявырашаным.

А калі Расія пойдзе на эскалацыю, Беларусь зноў можа быць выкарыстаная як плацдарм для агрэсіі.

Пры любым сцэнарыі Беларусь будзе ў цэнтры ўвагі. Менавіта таму я звяртаюся да ўсіх экспертаў і партнёраў, якія сёння знаходзяцца ў гэтай зале, з просьбай дапамагчы нам вярнуць Беларусь у парадак дня еўрапейскай бяспекі”, – заключыла Ціханоўская.

Даклад BELPOL ахоплівае розныя змены мілітарызацыі Беларусі. У ім апісваецца ўцягванне моладзі ў ваенна-патрыятычныя аб’яднанні, фарміраванне мабілізацыйнага рэзерву, распаўсюджванне расійскай прапаганды, развіццё ваенных аб’ектаў, адаптацыя чыгункі пад ваенныя патрэбы, мілітарызацыя эканомікі і навукі, а таксама змены ў заканадаўстве, паглыбленне ваенна-палітычнай інтэграцыі з РФ.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай