Фото: t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская 22 кастрычніка выступіла у Палаце дэпутатаў Люксембурга на сумеснай сустрэчы з кіраўніцтвам парламента і Камітэтам па замежных справах. Бакі абмеркавалі вызваленне палітвязняў, дапамогу рэпрэсаваным беларусам і еўрапейскую будучыню Беларусі.
У сустрэчы ўдзельнічалі віцэ-спікер Андрэ Баўлер, кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» Поль Галес і дэпутаты шэрагу палітычных партый.
Сярод асноўных тэм перамоў былі вызваленне палітвязняў, дапамога пацярпелым ад рэпрэсій, вырашэнне пытанняў з дакументамі, легалізацыяй і адукацыяй для беларусаў за мяжой, а таксама падтрымка беларускай мовы і культуры. Удзельнікі таксама абмеркавалі еўрапейскую будучыню Беларусі і дапамогу Украіне.
Ціханоўская прапанавала правесці ў Люксембургу ў 2027 годзе парламенцкі круглы стол па рэалізацыі «Люксембургскіх рашэнняў». Акрамя таго, яна заклікала разгледзець магчымасць арганізацыі стажыровак для маладых беларусаў у парламенце краіны.
У рамках візіту Ціханоўская таксама ўзяла ўдзел у кінафестывалі CinEast. Яна наведала паказ фільма Вольгі Чайкоўскай «Not Made for Politics» і дыскусію «Беларусь на раздарожжы» з дэпутатам Полем Галесам. Удзельнікі абмеркавалі падзеі 2020 года ў Беларусі, ролю жанчын у пратэстах, жыццё ў эміграцыі і міжнародную падтрымку беларускага грамадства.
Ціханоўская падзякавала Люксембургу за паслядоўную падтрымку беларусаў, у тым ліку за дапамогу рэпрэсаваным, незалежным СМІ і грамадзянскай супольнасці, а таксама за ўвагу да беларускай культуры.