Ціханоўская і Барэль будуць гаварыць пра Беларусь на Foro La Toja ў Іспаніі

Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у форуме La Toja ў Іспаніі, які праходзіць 1–3 кастрычніка. Сёлета ён прысвечаны тэме «Свет у беспарадку». На мерапрыемстве абмяркоўваюць крызіс міжнароднага парадку, рост аўтарытарызму, развіццё штучнага інтэлекту і пытанні бяспекі Еўропы.

Сярод удзельнікаў гэтага года — кароль Іспаніі Філіп VI, прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс, былы высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах Жазэп Барэль, а таксама прадстаўнікі OpenAI, Palantir, Harvard, Cambridge, Telefónica і Politico.

Асобная 45-хвілінная сесія форуму 3 кастрычніка будзе прысвечаная Беларусі. Тэмай дыскусіі заяўленая «Беларусь: ціхі супраціў». У ёй возьмуць удзел Святлана Ціханоўская і Жазэп Барэль.

«Вельмі важна, што Беларусь сёння гучыць на такіх пляцоўках як паўнавартасны суб’ект і частка агульнаеўрапейскай размовы. Мы абмяркоўваем будучыню дэмакратыі нароўні з выклікамі бяспекі, вайны і тэхналогій. Голас беларусаў, якія змагаюцца за сваю свабоду і еўрапейскую будучыню, будзе пачуты там, дзе прымаюцца рашэнні для ўсяго рэгіёна», — заявіла Ціханоўская.