Ціханоўская ў гадавіну Слуцкага збройнага чыну: Мы дагэтуль ведаем, што такое пагроза незалежнасці

Святлана Ціханоўская ў 106-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну заклікала беларусаў берагчы незалежнасць краіны, памятаць удзельнікаў барацьбы за свабоду Беларусі і падтрымліваць сем’і загінулых беларускіх добраахвотнікаў.

Яна правяла паралель паміж падзеямі 1920 года і сённяшняй барацьбой супраць расійскай агрэсіі.

«Прайшло 106 гадоў. А мы дагэтуль ведаем, што такое пагроза незалежнасці. Мы бачым, як Расія вядзе вайну супраць Украіны. Як беларускія добраахвотнікі дапамагаюць украінцам абараняцца. І як зноў беларусы аддаюць свае жыцці ў барацьбе супраць расійскай агрэсіі», – адзначыла лідар дэмсіл.

Паводле яе слоў, сем’і беларускіх добраахвотнікаў сёння перажываюць тое, праз што калісьці праходзілі сем’і ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну. Палітык заклікала памятаць імёны загінулых, расказваць пра іх дзецям і падтрымліваць іх родных.

«Мне здаецца, мы многім абавязаныя тым, хто ў 1920 годзе пайшоў бараніць Беларусь. І самае важнае, што мы можам зрабіць у памяць пра іх, — зберагчы незалежнасць нашай краіны», – падкрэсліла яна.

Нагадаем, 27 лістапада 1920 года жыхары Слуцкага павета ўчынілі антыбальшавіцкае паўстанне дзеля незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Была арганізаваная 1-я Слуцкая брыгада стральцоў БНР у складзе двух палкоў. Паўстанцы вялі баявыя дзеянні супраць бальшавікоў да 31 снежня 1920 года.