Скриншот: t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская заклікала еўрапейскія краіны працягваць падтрымку Украіны, захоўваць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і дамагацца вызвалення палітычных зняволеных. Пра гэта яна заявіла на другой Еўрапейскай канферэнцыі за свабоду і дэмакратыю на італьянскім востраве Вентатэне, дзе выступіла анлайн.
Канферэнцыя сабрала еўрапейскіх палітыкаў, журналістаў, інтэлектуалаў і грамадзянскіх актывістаў. Сярод тэм сустрэчы былі супрацьдзеянне аўтарытарызму, падтрымка Украіны, еўрапейская бяспека і абарона грамадзянскіх правоў.
Ціханоўская выступіла на панэлі «Мяжа свабоды: Італія і Еўропа ў глабальным кантэксце» разам з віцэ-прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Пінай Пічэрна, віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных спраў Італіі Антоніа Таяні, галоўным рэдактарам Milano Finanza Раберта Сомела і журналістам ANSA Мікеле Эспазіта.
У сваёй прамове Ціханоўская адзначыла сувязь дэмакратыі і бяспекі Еўропы з сітуацыяй у Беларусі.
«Расія выкарыстала тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну. Рэпрэсіі ўнутры адной краіны зрабілі магчымай агрэсію супраць іншай. Вось чаму дэмакратыю і бяспеку нельга аддзяляць адно ад аднаго. Дэмакратычная Беларусь дапамагла б абараніць паўночную мяжу Украіны. Таму падтрымка гэтай будучыні з’яўляецца інвестыцыяй у бяспеку ўсяго кантынента», — заявіла яна.
«Ніводная дыктатура не павінна мець апошняе слова пра будучыню Еўропы», – падкрэсліла лідарка дэмсіл.