Фото: t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Румыніі Нікушорам Данам. Перамовы прайшлі ў прэзідэнцкім палацы Катрочэнь у Бухарэсце.
Бакі абмеркавалі вызваленне беларускіх палітвязняў, рэгіянальную бяспеку, санкцыі ЕС, дапамогу беларусам і супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі.
Ціханоўская падзякавала Дану за запрашэнне і паслядоўную падтрымку беларускага народа з 2020 года. Яна адзначыла пазіцыю Румыніі па санкцыях супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, праграмы дапамогі беларусам, працу румынскай амбасады ў Вільнюсе і ўвагу да лёсаў палітвязняў.
На сустрэчы таксама гаварылі пра рэгіянальную бяспеку і расійска-ўкраінскую вайну. Бакі абмеркавалі ролю Беларусі ў расійскай агрэсіі, прысутнасць расійскіх войскаў і ўзбраенняў на беларускай тэрыторыі, а таксама гібрыдныя пагрозы з боку Расіі і рэжыму Лукашэнкі.
Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць захоўваць санкцыйны ціск на беларускія ўлады да спынення рэпрэсій, вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны. Асобна бакі абмеркавалі далейшую дапамогу Украіне і ўлік беларускага пытання ў будучых перамовах аб міры і бяспецы ў рэгіёне.
Сярод іншых тэм былі падтрымка беларусаў за мяжой, легалізацыя, доступ да адукацыі і стыпендый, дапамога студэнтам, незалежным СМІ і грамадзянскім ініцыятывам. Таксама абмяркоўвалася магчымасць далучэння Румыніі да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі.
Бакі закранулі перспектывы супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, у тым ліку магчымасць прызначэння спецыяльнага прадстаўніка па сувязях з імі. Акрамя таго, абмяркоўвалася ўзаемадзеянне ў рамках міжнародных рэгіянальных арганізацый і ініцыятыў.
Ціханоўская падкрэсліла, што дэмакратычная і незалежная Беларусь адпавядае інтарэсам бяспекі ўсёй Еўропы, уключаючы Румынію і Чарнаморскі рэгіён.
Гэта першая сустрэча Ціханоўскай з Нікушорам Данам у Бухарэсце. Раней яны сустракаліся ў красавіку ў Дуброўніку, у маі ў Ерэване і ў верасні ў Нью-Ёрку.