Светлана Тихановская и Марк Карни, Дублин, 12 ноября 2026 года. Фото: t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская абмеркавала з прэм’ер-міністрам Канады Маркам Карні перамовы аб завяршэнні расійска-ўкраінскай вайны і будучыню Беларусі. Сустрэча адбылася 12 лістапада на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне.
Палітык заявіла, што мірнае пагадненне павінна забяспечыць справядлівы і ўстойлівы мір, не ставячы пад пагрозу незалежнасць іншых дзяржаў. Яна падкрэсліла, што Беларусь не павінна апынуцца пад кантролем Расіі ў выніку магчымых мірных дамоўленасцяў.
«Нельга саступаць дыктатарам. Мы ўсе хочам міру, але не цаной незалежнасці іншых народаў. Для беларусаў вельмі важна, каб у выніку перамоваў наша краіна не стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь не павінна быць разменнай манетай. Без свабоднай і незалежнай Беларусі не будзе трывалай бяспекі ў рэгіёне», – заявіла яна.
Асобнай тэмай сталі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку абмежаванні на беларускія калійныя ўгнаенні. Бакі таксама абмеркавалі далейшую палітыку міжнароднага ціску на беларускія ўлады да дасягнення сістэмных змен у краіне.
Канада з’яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных вытворцаў калійных угнаенняў, адзначылі ў Офісе Ціханоўскай.
Ціханоўская падзякавала канадскаму прэм’еру за паслядоўную падтрымку беларускага народа і грамадзянскай супольнасці Беларусі.