Скриншот видео
Святлана Ціханоўская сустрэлася са старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне 12 лістапада.
На сустрэчы абмяркоўваліся праграмы падтрымкі і ўзмацненне еўрапейскай дапамогі незалежным СМІ, праваабаронцам, культурным і моладзевым ініцыятывам, а таксама пацярпелым ад рэпрэсій, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Ціханоўская падкрэсліла важнасць працягваць такую падтрымку.
«Беларускія незалежныя СМІ штогод ахопліваюць мільёны беларусаў. Яны даносяць праўду, супрацьстаяць расійскай прапагандзе і дапамагаюць людзям не губляць сувязь са свабодным светам.
Нашы праваабаронцы ратуюць людзей ад пераследу, дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям. Дзеячы культуры захоўваюць беларускую мову, культуру і нацыянальную ідэнтычнасць. А моладзевыя і адукацыйныя праграмы выхоўваюць новае пакаленне беларусаў, якія бачаць сваю будучыню ў Еўропе.
Усё гэта дапамагае беларускаму грамадству выстаяць, захаваць сваю еўрапейскую ідэнтычнасць і рыхтавацца да дэмакратычных перамен», — заявіла Ціханоўская.
Лідар беларускіх дэмсіл таксама падзякавала ЕС за дапамогу Украіне, падкрэсліла, што будучыня Беларусі і Украіны непарыўна звязаная, і адзначыла, што свабодная Беларусь зробіць Еўропу больш бяспечнай.