Ціханоўская абмеркавала падтрымку беларускай культуры з прадстаўніцамі ПАСЕ

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская абмеркавала з прадстаўніцамі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы падтрымку беларускай культуры. У сустрэчы ўзялі ўдзел дакладчыца ПАСЕ Агнешка Памаска і кіраўніца сакратарыята камітэта ПАСЕ па культуры, навуцы, адукацыі і медыя Таццяна Тэрмачыч.

Перамовы адбыліся ў рамках падрыхтоўкі даклада «Культура як аснова дэмакратызацыі Беларусі». Яго аўтары маюць намер прыцягнуць увагу краін Савета Еўропы да становішча беларускай культуры і падрыхтаваць рэкамендацыі па яе падтрымцы, у тым ліку ўнутры Беларусі.

Бакі абмеркавалі стан беларускай мовы і культуры, становішча дзеячаў культуры ў Беларусі і за мяжой, а таксама магчымую падтрымку з боку еўрапейскіх краін.

У дакладзе плануецца разгледзець ролю культуры ў дэмакратычным грамадстве, русіфікацыю і ўплыў расійскай прапаганды, становішча беларускай мовы, рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры і палітвязняў, развіццё беларускай культуры ў эміграцыі і транснацыянальныя рэпрэсіі.

У рамках падрыхтоўкі дакумента яго аўтары таксама правядуць сустрэчы з беларускімі культурнымі арганізацыямі і прадстаўнікамі розных напрамкаў культуры, паведамілі ў прэс-службе АПК.

Фота: t.me/CabinetBelarus
Фота: t.me/CabinetBelarus
🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!