Чэхія адкрые запіс на шэнгенскія візы для беларусаў, якія жадаюць наведаць блізкіх сваякоў

З 10 лістапада амбасада Чэхіі ў Мінску пачне прымаць электронныя лісты для запісу на падачу заяў на шэнгенскія візы для наведвання блізкіх сваякоў. Пра гэта паведаміла дыппрадстаўніцтва.

Падаць заяву змогуць сваякі грамадзян Чэхіі, а таксама грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Чэхіі на падставе дзейнай доўгатэрміновай візы, дазволу на доўгатэрміновае або пастаяннае знаходжанне.

Гаворка ідзе пра сваякоў па прамой узыходнай і сыходнай лініі: дзяцей, унукаў, бацькоў, бабуль і дзядуляў. Браты, сёстры, цёткі, дзядзькі і стрыечныя сваякі ў гэтую катэгорыю не ўваходзяць.

Для запісу неабходна накіраваць ліст на Minsk.Visa@mzv.gov.cz. У ім трэба пазначыць імёны і прозвішчы запрашаючага і заяўніка лацінкай, тып візы, мэту паездкі, кантакты заяўніка і нумар пашпарта.

Таксама спатрэбяцца копіі пашпарта, запрашэння, дакументаў аб сваяцтве і дакументаў запрашаючага. Падрабязныя патрабаванні размешчаныя на сайце амбасады. Дадаткі прымаюцца ў фарматах PDF або JPG. На кожнага заяўніка трэба адправіць асобны ліст.

Дату і час падачы заявы амбасада паведаміць у лісце ў адказ.

Паводле інфармацыі дыппрадстаўніцтва, магчымасць падачы такіх заяў прадугледжаная папраўкай да пастановы №55/2024, якую ўрад Чэхіі ўхваліў 5 кастрычніка 2026 года.