Фото: Белавиа
Чартарныя рэйсы з абласных цэнтраў у Егіпет у асенне-зімовы сезон пераносяцца ў Мінск. Пра гэта паведамляе РСТА са спасылкай на тураператараў.
У цяперашнім сезоне “Інтэрсіці” арганізуе туры з Гомеля і Магілёва ў Шарм-эль-Шэйх, а «АэраБелСэрвіс» кансалідуе чартары ў Шарм-эль-Шэйх з Віцебска і Брэста.
Цяпер жа ўсе вылеты будуць ажыццяўляцца з Мінска.
Перанос тлумачыцца “неабходнасцю забяспечыць бяспеку і стабільнасць выканання рэйсаў”. Адзначаецца, што ўлічаны асаблівасці зімовай навігацыі, метэаралагічныя ўмовы, а таксама абмежаванні на выкарыстанне асобных паветраных прастораў і запасных аэрадромаў. З улікам усіх гэтых фактараў “Белавія” вырашыла ў зімовым сезоне лётаць толькі з Мінска. Улетку чартарныя рэйсы з абласных цэнтраў збіраюцца аднавіць.
Турысты могуць паляцець з Мінска, змяніць тур з улікам прапановы тураператараў, альбо адмовіцца ад паездкі з вяртаннем грошай.