BYSOL пачаў выплаты палітвязням, вызваленым 16 верасня

Фонд салідарнасці BYSOL пачаў выплаты са сродкаў экстранага збору, абвешчанага пасля вызвалення палітвязняў 16 верасня. Тады 25 чалавек былі вывезеныя ў Літву пасля сустрэчы спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведамілі ў BYSOL, ужо сем чалавек з ліку вызваленых 16 верасня атрымалі грашовую дапамогу ў памеры 1000 еўра кожны.

Збор будзе актыўны яшчэ да 16 кастрычніка. Ужо сабрана 37 тыс. еўра. Пасля таго, як збор сродкаў будзе завершаны, былыя палітвязні атрымаюць другую частку выплаты з сумы звыш 25 тыс. еўра.

У BYSOL расказалі, што ўсяго атрымалі 1076 данатаў. Самыя вялікія ахвяраванні — па 800 і 500 еўра. Найбольш распаўсюджаны данат — 25 еўра.