Былы кіраўнік Федэральнай разведвальнай службы Германіі Аўгуст Ханінг затрыманы па падазрэнні ў шпіянажы і дзяржаўнай здрадзе. Пра гэта паведамляе BILD. Ханінг кіраваў разведкай у 1998-2005 гадах.
Паводле інфармацыі выдання, Ханінг нібыта набыў сакрэтную інфармацыю ў былога супрацоўніка кіруючага складу Федэральнай разведвальнай службы з мэтай «перапрадаць яе ў рамках сваёй кансультацыйнай працы».
Федэральная пракуратура вядзе расследаванне ў дачыненні да абодвух падазраваных. Адначасова з Ханінгам быў затрыманы яшчэ адзін былы супрацоўнік разведкі. Гаворка ідзе пра Манфрэда Д., які займаў пасаду начальніка штаба і прапрацаваў у разведцы да вясны 2026 года.
На Ханінга і яго партнёра выйшлі падчас расследавання справы гамбургскай бізнесвумен Крысціны Блок, якая, паводле даных следчых, заказала збіццё бацькі сваіх дзяцей і іх выкраданне з Даніі ў Германію. У рамках расследавання паступіла інфармацыя і пра меркаваную ўцечку інфармацыі з нямецкай разведкі.
Следства спрабуе высветліць, ці перадаваў Ханінг інфармацыю наўпрост замежным дзяржавам. Апошнім часам ён працаваў кансультантам у сферы бяспекі і бізнесу па ўсім свеце. У яго былі сувязі з Расіяй і Кітаем.