Былога кіраўніка мінскай рыэлтарскай кампаніі будуць судзіць за ўхіленне ад выплаты падаткаў

Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да былога кіраўніка сталічнай рыэлтарскай кампаніі. Паводле версіі следства, ён хаваў частку выручкі ад уліку, выплачваў заробкі «ў канвертах» і ўхіляўся ад выплаты падаткаў і страхавых узносаў.

Справу расследавала Галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарату Следчага камітэта. Згодна з матэрыяламі, праз касу кампаніі праводзілі толькі частку грошай, атрыманых ад кліентаў за паслугі, а ў бухгалтэрыю перадавалі дакументы з недакладнымі звесткамі аб прыбытку прадпрыемства.

Схаваную выручку фігурант выкарыстоўваў для павелічэння асабістага даходу, а таксама выплаты неафіцыйнага заробку супрацоўнікам і іншым грамадзянам, якія працавалі без афармлення працоўных адносін.

Паводле даных пракуратуры, абвінавачаны ўхіліўся ад выплаты падаткаў, не пералічваў у бюджэт падаходны падатак з фізічных асоб і не выплачваў абавязковыя страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. У выніку дзяржава недаатрымала каля 500 тысяч рублёў.

Паведамляецца, што мужчына цалкам прызнаў віну, раскаяўся і добраахвотна прыняў меры для частковага пакрыцця шкоды.

Пры накіраванні справы ў суд намеснік генеральнага пракурора прад’явіў да абвінавачанага іск аб спагнанні на карысць Мінскага гарадскога ўпраўлення ФСАН больш за 270 тысяч рублёў непакрытай шкоды.

Абвінавачаны застаецца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах, паведамілі ў прэс-службе Генпракуратуры.