Былога гендырэктара «Камунаркі» прыгаварылі да 7 гадоў калоніі

Былога генеральнага дырэктара кандытарскай фабрыкі «Камунарка» Сяргея Анюхоўскага прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 1000 базавых велічынь (45 тысяч рублёў). Яму таксама забаронена займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў, паведамляе Генпракуратура.

Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Анюхоўскага вінаватым у:

  • перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, учыненых з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, якія пацягнулі цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 426 КК),
  • атрыманні хабару ў буйным памеры (ч. 2 арт. 430 КК).

Згодна з абвінавачаннем, у 2022-2024 гадах Анюхоўскі ведаў пра неэфектыўнасць і фінансавую неажыццяўляльнасць інавацыйнага праекта па перапрацоўцы какава-бабоў, але даваў указанні падначаленым уносіць у бізнес-план і іншыя дакументы заведама ілжывыя звесткі пра інвестыцыйныя капітальныя выдаткі ў рамках праекта, а таксама эканамічныя паказчыкі яго эфектыўнасці.

Таксама, каб атрымаць грашовыя сродкі інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама, экс-гендырэктар арганізаваў прадастаўленне заведама падложных дакументаў у дзяржаўныя органы.

Акрамя таго, Анюхоўскі прыняў хабар для сябе і сваёй жонкі ад прадстаўнікоў пастаўшчыка абсталявання для перапрацоўкі какава-бабоў. Узамен ён абяцаў стварыць спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі заключанага кантракта, а таксама абяцаў заключэнне кантрактаў на пастаўку абсталявання ў будучыні.

Дзеянні Анюхоўскага нанеслі дзяржаве шкоду ў асабліва буйным памеры, лічыць абвінавачанне.

Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Анюхоўскі ўзначальваў «Камунарку» з 2021 года. Пра яго затрыманне незалежныя СМІ паведамлялі ў чэрвені 2024 года, але афіцыйнай інфармацыі пра гэта не было. У чэрвені 2025 года на «Камунарцы» быў прызначаны новы гендырэктар — Аляксандр Нячай.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!