Борис Джонсон и Владимир зеленский. Фото: twitter.com/BorisJohnson
Былы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, дарадцы еўрапейскіх урадаў і дэпутаты Бундэстага апынуліся ў зоне расійскай атакі каля мяжы з Польшчай. Яны знаходзіліся ў спецыяльным цягніку, які спыніўся непадалёк ад польскай мяжы падчас расійскай атакі на ўкраінскія прыгранічныя раёны, піша Der Spiegel.
Паводле інфармацыі выдання, у ноч з суботы на нядзелю цягнік ехаў з Кіева ў бок Польшчы пасля завяршэння канферэнцыі YES. Каля пяці раніцы састаў спыніўся недалёка ад мяжы з-за ўдараў расійскіх беспілотнікаў у рэгіёне. Частку пасажыраў эвакуіравалі.
У цягніку таксама знаходзіўся дарадца канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца па знешняй палітыцы і бяспецы Гюнтэр Заўтэр. Ён вяртаўся з Кіева, дзе разам з дарадцамі па бяспецы Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі і прадстаўнікамі ўрада Уладзіміра Зяленскага абмяркоўваў магчымыя перамовы аб спыненні вайны з Расіяй.
Пасля канферэнцыі тым жа цягніком у бок Польшчы ехаў і былы брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан. Сярод пасажыраў таксама былі дарадцы іншых еўрапейскіх урадаў, дэпутаты Бундэстага, дыпламаты і навукоўцы, гаворыцца ў матэрыяле.
Сярод пасажыраў аказаўся дэпутат Бундэстага ад партыі «Зялёных» Робін Вагенер.
«Гэтыя атакі беспілотнікаў — сляпы тэрор супраць мірнага насельніцтва Украіны і небяспечная эскалацыя вайны, развязанай Пуціным», — заявіў ён выданню.
Парламентарый расцэньвае гэтыя напады як правакацыю, накіраваную супраць тых, хто падтрымлівае Украіну.
«Расія дзейнічае ўсё больш беспрынцыпна і распальвае канфлікт проста каля межаў Еўрапейскага саюза і НАТА, мы павінны нарэшце паставіць гэтаму тэрору выразную мяжу», — запатрабаваў ён.
Спыненне цягніка было звязана з ударамі ў прыгранічным раёне. Нагадаем, раніцай расійскі беспілотнік атакаваў лакаматыў пасажырскага цягніка, які ехаў з Кіева ў Варшаву. Як паведамляла «Укрзалізниця», удар адбыўся на Валыні прыкладна за два кіламетры ад мяжы з Польшчай. Ніхто не пацярпеў.