Больш за 400 расіян затрымаліся ў Мінску пасля атакі БПЛА на Санкт-Пецярбург

Два чартарныя рэйсы турэцкіх авіяліній, якія накіроўваліся з Антальі ў Санкт-Пецярбург, перанакіравалі ў Мінск з-за абмежаванняў на працу расійскіх аэрапортаў. Як паведамілі ў расійскай амбасадзе ў Беларусі, на борце знаходзяцца больш за 400 расіян.

“Амбасада з самага пачатку трымае сітуацыю пад кантролем. Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў і супрацоўнікі дыпмісіі знаходзяцца непасрэдна ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» і аказваюць нашым грамадзянам усю неабходную падтрымку. Ва ўзаемадзеянні з беларускімі партнёрамі пасажырам прадастаўлена бясплатнае гарачае харчаванне. Рэалізуюцца некалькі варыянтаў вяртання расіян на радзіму”, – праінфармавалі ў дыпмісіі.

Паводле сэрвісу Flightradar, рэйсы TK3140 і TK3176 не змаглі здзейсніць пасадку ў Санкт-Пецярбургу, развярнуліся над Фінскім залівам і накіраваліся ў Беларусь.

Самалёты перанакіравалі пасля масіраванай атакі беспілотнікаў на Санкт-Пецярбург і Ленінградскую вобласць у ноч на 18 кастрычніка.

Паводле сцвярджэння губернатара Ленінградскай вобласці Аляксандра Драздзенкі, над рэгіёнам збілі 145 беспілотнікаў. Сярод іншага, пашкоджанні атрымаў дата-цэнтр групы ВКонтакте – пацярпелі трансфарматарнае абсталяванне і складскі комплекс. У кампаніі заявілі, што сэрвісы даступныя карыстальнікам “у звычайным рэжыме”.

У Санкт-Пецярбургу губернатар Аляксандр Беглаў раней паведамляў пра пажары ў чатырох раёнах горада і на тэрыторыі Пецярбургскага нафтавага тэрмінала.

Атака беспілотнікаў паўплывала на расклад рэйсаў паміж Мінскам і Санкт-Пецярбургам. Паводле анлайн-табло Нацыянальнага аэрапорта Мінск, прылёт рэйса «Белавія» B2940 з Санкт-Пецярбурга, запланаваны на 18:30, затрымліваецца. Рэйс авіякампаніі «Победа» DP893 з Санкт-Пецярбурга, які павінен быў прыбыць у 19:00, адменены. Таксама адменены вылет рэйса «Белавія» B2955 у маскоўскі аэрапорт Дамадзедава, запланаваны на 17:40.

Скрыншот сайта flightradar24.com
Скрыншот сайта flightradar24.com